Варварскія разбурэнні ў Смальянах застаюцца
Днямі ў рамках беларускага Года культуры амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік наведаў мястэчка Смальяны пад Воршай.
У прыватнасці, магілу пахаванага там беларускага ды польскага паэта-рамантыка, дзеяча Таварыства філаматаў і філарэтаў Тамаша Зана. Яна знаходзілася ў занядбаным стане. А тры гады таму незалежныя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, як у Міжнародны дзень аховы помнікаў у паселішчы адбылося „варварскае” разбурэнне дамініканскага кляштару 18 стагоддзя. 80 % помніка было знішчана экскаватарамі. Тады намаганнямі краязнаўцаў ды дэмакратычнай супольнасці яго ўдалося спыніць. Улады паабяцалі аднавіць разбуранае. Але… як зазвычай, падманулі.
…З трымценнем падыходжу да знаёмых будынкаў. Здалёк бачу касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Каля яго былі каменныя будынкі кляштара, дзе з савецкіх часоў месціліся гараж і склады мясцовага СВК. Вось высачэзныя дзверы з надпісам „1937” – у часы сталіншчыны тут адкрылі МТС. Заварочваю за іх і… карціна нагадвае хіба што сучасныя тэлекадры пра разбурэнні ў Сірыі. Побач з двума катлаванамі, падобнымі да варонак ад бомбаў – кавалкі ўшчэнт разбураных мураваных сценаў. Агаліліся ўваходы ў падземныя скляпенні… Адчуваю, як мяне, агаломшанага, нехта кранае за плячо.
Ярома: Вы як турыст альбо журналіст – скажаце, гэта пад знос ідзе, а тое на рэстаўрацыю? Прыяжджаюць з дзецьмі з Польшчы да касьцёла – там каменны звод, які трэба зламаць! Галубы сядзяць, узляцелі – і цэгла пападала, пойдзем пакажу!
Так я пазнаёміўся з мясцовым старажылам Валерыям Яромам, сіваватым мужчынам са скалечанымі пальцамі. Ідзем да касцельнага дворыка, дзе над уваходам сапраўды пагрозьліва навісае ажурны звод. Дарэчы, суразмоўца назву вёскі вымаўляе па-даўняму – Смальяны.
Ярома: Бачыце, колькі камушкаў ужо нападала! Зіма-лета-дождж – можа і пад цяжарам снегу бахнуцца ўвесь! Падземных хадоў многа. Тройка каней у іх праяжджала. Дзе «Белы Ковель», прыяжджалі хлопцы з Менску з апаратурай, казалі, на глыбіні 18 метраў россыпы залатых манет. Напалеон ішоў, Гітлер – усе праз Смальяны..
Я сустрэўся з аднымі з тых, каму ўдалося спыніць канчатковае знішчэнне каштоўнасцей. Дагэтуль патрабуюць правесці археалагічныя даследаванні комплексаў дамініканскага кляштара, пакараць вінаватых. Гутару з краязнаўцамі ды палітыкамі Ігарам Казьмерчакам, рэдактарам незалежнага сайта „orsha.eu” ды яго калегам, дэпутатам гарсавета ў Барані Уладзімірам Міхасёвым.
На фота: Ігар Казьмірчак
Казьмерчак: Смаляны маглі б стаць турыстычнай Мекай Усходняй Беларусі, ня горш за Мір ці Нясвіж. Тут і руіны замка, і касцёла, і царквы Аляксееўскай, і ўніяцкай драўлянай, і брукаванка дзе-нідзе засталася, і магіла паэта-рамантыка Тамаша Зана, і габрэйскія жылыя забудовы, і млын драўляны, і скульптура, знойдзеная ў касцёле, дзе маці, якая праводзіла сыноў на фронт– усё ў адной вёсцы на маленькай-маленькай тэрыторыі!
РР: Ігар, але што з пералічанага залічана ў дзяржаўны рэестр архітэктурных каштоўнасцей?
Казьмерчак: Замак, касцёл, а жылы корпус манастыра дамініканцаў не – яго і разбурылі. Хоць 3 гады таму мясцовы СВК з іх і гараж, і майстэрні зрабіла. Больш за тое, літаральна за тыдзень да варварства вокны фанерай забілі – навошта, калі пад знос збіраліся?! Помнікі ўсе ў жудасным стане. Замак «Белы Ковель» увайшоў у праграму «Замкі Беларусі». Але якім чынам вырашэнне праблемы? Толькі кансервацыя – апрацоўка растворам і каб прыкрылі драўляным троху. А зрабіць гэта трэба за кошт мясцовага бюджэту. А дзе ён возьме велізарныя грошы?! Але гэта вёска ўжо сёння прыцягвае турыстаў. Калі будуць адрэстаўраваныя помнікі, будуць ездзіць і палякі, і расейцы, якія ў Воршы адпачываюць улетку!
РР: Чаго менавіта ў нашыя часы ні з пушчы, ні з поля сталі разбураць?
Казьмерчак: Гэта ёсць тайна вялікая! (сьмяецца ) Пустых месцаў ды запушчаных хат вялікая колькасць у вёсцы для будаўніцтва. Ёсць легенда. Дзеці калупаліся ў кляштары і выцягнулі залатыя кубкі. Тут жа з’явіўся добры дзядзька, які сказаў, што перадасць іх у музей. І яны зніклі. Можа быць, мясцовыя калгас і насельніцтва вырашылі пашукаць скарбы? Зараз уратаваць гэты будынак немагчыма. Для прадухіленьня магчымых зруйнаванняў трэба пакараць вінаватых ў гэтым…
Міхасёў: Калі б захоўваліся законныя працэдуры, так хутка знесьці яны б не змаглі. Арганізацыя павінна была б скласці адмысловы дакумент, што будынак прызнаны аварыйным. Павінен быць састаўлены праект зносу, нанятая арганізацыя згодна з кантрактам. Тады б быў шанец апратэставаць гэтыя намеры, сустрэцца з навукоўцамі, чыноўнікамі. А калі знесьлі явачным парадкам, ды яшчэ катлаваны ў ахоўнай зоне, што ўжо можна сказаць?!
Напярэдадні я звязаўся па апошнія навіны з памянёным Ігарам Казьмерчакам.
Казьмерчак: Нічога не атрымалася ані з доследамі, ані з пакараннем вінаватых. Бо ж адразу пісалі, што “вушы” разбурэння тырчаць з самой Аршанскай вертыкалі. Што ім – караць самых сабе?! Замак “Белы Ковель” хоць і быў уключаны ў праграму “Замкі Беларусі” і мусіў быць закансерваваны за кошт мясцовага бюджэту – гэтага не адбылося. Дый мясцовыя ўлады не надта да гэтага імкнуцца, увогуле, мізэрна сродкаў выдзяляюць на культуру. Адзіная радасная навіна – акурат прыезд дэлегацыі з польскай амбасады да 220-годдзя Тамаша Зана, які жыў і пахаваны тут. Больш пакуль нічога – застаюцца ззяючыя ваканіцы ды абваленыя дахі. Пакуль варта імкнуцца захаваць, пакуль ёсць што захоўваць…
Тым ня менш, па вяртанні са Смальянаў Конрад Паўлік абвясціў на сайце польскай амбасады пра запланаваны шэраг мерапрыемстваў ды фінансаванне рэстаўрацыйных мерапрыемстваў на магіле Тамаша Зана.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара