Вас запрашае “Беларуская інтэлектуальная гульня”



Інтэлектуальныя гульні становяцца неад’емнай часткай сучаснай гарадской культуры Беларусі. Шэраг сталічных кавярняў і клубаў праводзяць самыя разнастайныя віктарыны. Тэматычныя, пераважна расейскамоўныя, імпрэзы збіраюць аматараў і знаўцаў кіно, мастацтва, літаратуры, гісторыі. Асобна ў гэтым шэрагу стаіць “Беларуская інтэлектуальная гульня”. “Адметнасць нашай гульні, што яна цалкам звязана з Беларушчынай,” – кажа арганізатарка спаборніцтваў Алеся Гурская-Таболіч:

– Мы імкнемся папулярызаваць беларускую культуру, беларускую мову. Сюды людзі часам прыходзяць, якія не ў беларускай тэме, але яны зацягваюцца праз цікаўнасць і пасля пішуць, што ім вельмі спадабалася, кажуць, што ім гэта цікава, яны больш даведваюцца, пасля шукаюць у інтэрнэце тое, што іх зацікавіла. Таму нашая мэта – папулярызацыя.

Дарэчы, пераможцаў «Беларускай інтэлектуальнай гульні» чакаюць прызы ад Рэспубліканскага тэатра Беларускай драматургіі і сайта imbryk.by. Гульні праходзяць раз у месяц. Больш інфармацыі можна атрымаць на старонцы гульні ў сацыяльных сетках.

Беларускае Радыё Рацыя