Васіль Дранько-Майсюк: Гэтая дзіцячая кніга – пра форму беларускага выжывання
Тэма выжывання сёння вельмі актуальная. І для беларусаў, і для беларускай культуры. Такое меркаванне выказаў акцёр, драматург Васіль Дранько-Майсюк.

“Менавіта таму на Кірмашы гістарычнай кнігі, які адбыўся нядаўна, я вырашыў прэзентаваць дзіцячую казку “Пра ваўка, зайца і мядзведзя” Тодара Кляшторнага. Гэта – сапраўды ўнікальная кніга”, – распавядае творца.
– Гэтая кніжка-гармонік інтэрактыўная. Яе можна чытаць з розных бакоў. Унутры яе ёсць укладыш-размалёўка, дзе намаляваныя ўсе магчымыя звяры і птушкі Беларусі, якіх нават няма ў гэтай казцы. Мала таго, гэтая кніжка Тодара Кляшторнага цікавая і сваім зместам, пра тое, што заяц уцякае ад ваўка, трапляе ў бярлог да мядзведзя, апынаецца паміж двух драпежнікаў, выжыве ці не выжыве. Форма беларускага выжывання такая, што мы павінны мець добрыя ногі, спакойную галаву і ведаць, як уцякаць ад небяспекі і выжываць.
Твор Тодара Кляшторнага “Пра ваўка, зайца і мядзведзя” Васіль Дранько-Майсюк раней прадставіў і ў рамках YouTube падкасту “Казкі для Дзівусі”.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя
