Васіль Герасімчык: Мая кніга – пацверджанне таго, што Каліноўскі наш



Гарадзенскі гісторык і журналіст Васіль Герасімчык стварыў новую кнігу, прысвечаную постаці кіраўніка паўстання 1863-64 гадоў.

Выданне мае назву “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда” і, на думку аўтара, вылучаецца сярод кніг на дадзеную тэму:

– Адметнасць гэтай кнігі ў тым, што яна першая біяграфія Кастуся Каліноўскага за апошнія 30 гадоў. Да гэтага выходзілі розныя кнігі, зборнікі дакументаў у 1999 годзе, напрыклад, кніга Генадзя Кісялёва “Рыцар свабоды” – але гэта фактычна перапрацаваны яго твор “Сейбіты вечнага” пра Кастуся Каліноўскага. Выходзілі зборнікі навуковых канферэнцый. Але так, каб суцэльна зірнуць на вобраз слыннага змагара беларускага народу, такой спробы не рабілі апошнія тры дзясяткі гадоў.

Як дадае Васіль Герасімчык, даследчыкі постаці Каліноўскага па-рознаму ацэньвалі гэту асобу:

– Адныя яго называлі літвінскім сепаратыстам, іншыя польскім Рабесп’ерам, трэція казалі пра яго як пра фанатыка рэвалюцыйнай ідэі, апошняга з магікан. Але варта падкрэсліць, што нават у польскіх сучаснікаў, кіраўнікоў паўстання з польскага боку, прысутнічае думка, што Кастусь Каліноўскі – гэта апостал беларускага народа і стваральнік беларускай літаратуры. Таму што тут казаць. Пацверджаннем таго, што ён усё ж такі наш, не толькі яго дзейнасць, яго самаахвярнаць, але і мова, якой ён карыстаўся ў публіцыстычнай дзейнасці.

Кніга Васіля Герасімчыка, які працуе журналістам у газеце “Народная Воля”, з’явіцца ў Гародні 2 лютага, у дзень 180 годдзя з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага. Прэзентацыі гэтага выдання пройдуць у розных кропках горада, каб ахапаіць як мага большую частку зацікаўленых гісторыяй гарадзенцаў.

Беларускае Радыё Рацыя