Васіль Герасімчык: Узгадаю забытых паўстанцаў
Журналіст і гісторык з Гародні Васіль Герасімчык падрыхтаваў да выдання кнігу “Забітыя і забытыя паўстанцы 1863 года”.
Кніга прысвечана 60-ці пакараным смерцю ўдзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і мае вялікую колькасць выяваў. Яна будзе цікавая ўсім аматарам беларускай гісторыяй. Пра адметнасці выдання кажа Васіль Герасімчык:
– Прысвечана асобам, увага да якіх, на жаль, згубілася ў завірусе часу. Гэта тыя людзі, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе за тую справу, у якую яны верылі. Сярод іх былі як сапраўды героі, так і тыя, што трапілі пад накавадла Расейскай імперыі, не прадбачыўшы тое, у што гэта выльецца. І сярод іх таксама былі людзі, якіх героямі нельга назваць.
У кнізе Васіль Герасімчык узгадвае імёны 60-ці паўстанцаў, аднак пакараных смерцю паўстанцаў было амаль дзьве сотні.
– Насамрэч было пакарана па прысудзе Мураўёва і яго папярэдніка Назімава, які толькі аднаго паўстанца пакараў, па прысудзе Мураўёва – амаль 190. Гэта толькі афіцыйна. У кнізе я намагаюся выводзіць не толькі гэтых асоб вядомых, але і тых, каго забілі, ужо схапіўшы ў палон. Каго закатавалі.
На гэту кнігу абвешчаны збор сродкаў на платформе ulej, і Васіль Герасімчык плануе праз гэтую талаку сабраць больш за 3000 рублёў на выданне 300 асобнікаў кнігі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня