Васіль Калач: Сустрэчы руху „Асобы” будуць працягвацца
Незалежны тэатральны рух „Асобы” правёў у „Цэнтры гарадскога жыцця” Гародні сустрэчу пра тэатральныя рухі. Кожны з прысутных мог не толькі паслухаць, але і паўдзельнічаць у практычных занятках, якія ладзіў актор і прадстаўнік фрык-тэатру „Гексаген” Васіль Калач.
Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзяліліся гарадзенцы:
– Мне сустрэча вельмі спадабалася, спадабаўся гэты актор. Ён вельмі эмацыйна, яскрава распавёў пра тэатр. Хочацца цікавіцца тэатрам яшчэ больш, прыходзіць на гэтыя сустрэчы.
– Заўсёды ўлічваюцца цікавасці публікі, гэта інтэрактыўна, з харызматычнай падачай, з жывымі прыкладамі, гэта таксама вельмі добра.
– Мне вельмі спадабалася, што мы гаворым на вельмі цікавыя тэмы. Мне вельмі падабаецца тэатральнае мастацтва, я б хацела больш пра гэта даведацца.
Сам Васіль Калач апроч вельмі эмацыйнага выступу анансаваў новыя сустрэчы:
– Наступная сустрэча плануецца па сцэнічнай мове, як артысту валодаць сваёй мовай, як падаваць гук, як валодаць сваім голасам, як даваць у прамову эмацыйны складнік. Далей яшчэ будуць сустрэчы з рэжысёрамі, як менавіта працуе рэжысёр над спектаклем, як ён рыхтуецца да яго, якія методы ён выкарыстоўвае. То бок там будуць хіба тры ці болей рэжысёраў, кожны са сваёй методай.
Гарадзенскі незалежны рух „Асобы” з’явіўся пасля звальнення з драматычнага тэатру актораў у мінулым годзе. Таксама да гэтага руху далучыліся акторы лялечнага тэатру і прадстаўнікі вольнай гарадзенскай сцэны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча