Васіль Ядчанка: Беларускай мовай цікавяцца больш за 4 мільёны беларусаў
Беларускі журналіст і блогер Васіль Ядчанка даносіць беларускую мову сучаснымі сродкамі вялікай колькасці людзей. Яго ролікі ў TikTok, Youtube і Instagram глядзяць па ўсім свеце і самае галоўнае ў Беларусі, дзе ён ахоплівае больш за 4 мільёны карыстальнікаў.
Пра тое, як дасягнуць такога посьпеху распавядае Васіль Ядчанка:
— Трэба ўвогуле адукацыяй займацца так, каб гэта было няцяжка для людзей. Мае ролікі ў першую чаргу разлічаныя на моладзь, і калі вы выйдзеце да моладзі як такі класічны прафесар на кафедры і будзеце ім штосьці распавядаць, як важна вывучаць беларускую мову, і так далей, усе заснуць ужо на першай хвіліне.
Блогер упэўнены, што нікога не цікавіць, што ён працуе на Беларусь з-за мяжы:
— Ніхто ніколі не запытваў у каментарах, не асуджаў, не запытваў, чаму я не ў Беларусі. Усе разумеюць, пагатоў, мне здаецца, моладзь, што сучасны чалавек, гэта чалавек свету, што вандруе, можа жыць у іншай краіне, але пры гэтым ён ідэнтыфікуе сябе як беларуса і размаўляе па-беларуску.
На думку Васіля Ядчанкі яго асноўны глядач — гэта моладзь, аднак ён стараецца ахапіць большую аўдыторыю, таму публікуе свае ролікі і на іншых пляцоўках, такіх як фэйсбук і інстаграм.
Беларускае Радыё Рацыя