“Ваўкалак”. Новая пастаноўка па творы Яна Баршчэўскага



11 снежня на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа адбудзецца прэм’ера спектакля „Ваўкалак” паводле аднайменнага апавядання з кнігі Яна Баршчэўскага „Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.

Сюжэт, які ўбачаць гледачы, на першы погляд вельмі просты: Марка і Алена кахаюць адзін аднаго, але дзяўчына падабаецца і іншаму хлопцу. Ён дамаўляецца з панам, каб Алену выдалі менавіта за яго. На вяселле трапляе і Марка, ён вельмі пакрыўджаны на суперніка і на ўласны лёс. Крыўда штурхае яго да помсты, вочы ў Маркі загараюцца звярыным агнём, і сам ён ператвараецца ў ваўкалака, які наводзіць жах на былых аднавяскоўцаў… Але фінал спектаклю крыху адрозніваецца ад напісанага ў кнізе, кажа загадчык літаратурна-драматычнай часткі тэатру Алесь Замкоўскі:

– Ён вышуквае чараўніцу, якая дапамагае яму ператварыцца назад у чалавека. Але так – у Баршчэўскага. У спектаклі ў выніку не зразумела, ці ператвараецца ён назад. Ён ідзе на гэты шлях – што толькі сам чалавек можа выцягнуць сябе з гэтага стану помсты, стану крыўды… Але куды ён дойдзе – тут вялікі пытальнік.

Па сутнасці, спектакль сканчваецца кульмінацыяй – у яго няма развязкі. Затое ў гледача будзе свой персанальны другі акт, які ён можа ўвасобіць у думках або нават у жыцці, мяркуе рэжысёр спектаклю Ірына Цішкевіч:

– Калі чалавек мне будзе расказваць, што ён ніколі не помсціў і ніколі не крыўдзіўся – гэта лухта і хлусня! І наш ваўкалак разумее, што помстаю не вернешся назад, што помста не ўратуе цябе ад гэтай чарнаты ў тваёй душы… І ў спектаклі мы паказваем, як ён вяртаецца. Ці спрабуе.

Назва пастаноўкі “Ваўкалак” невыпадкова мае падзагаловак – “Шлях навяртання”. Ірына Цішкевіч кажа, што гэтае вызначэнне падкрэслівае галоўную думку спектаклю: прага помсты можа ператварыць чалавека ў сапраўднага звера, і толькі ўсвядоміўшы гэта, чалавек можа адшукаць зваротны шлях да самога сябе.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Дзмітрый Шэдзько