Ваўкавыск: першыя заняткі “Мова Нанова”



У адной з прыватных пляцовак горада Ваўкавыска распачаліся папулярныя курсы беларускай мовы  “Мова Нанова Ваўкавыск”.

Пра наведвальнікаў курсаў распавядае адзін з арганізатараў Андрэй Ігнацік:

– Так маналітна я не скажу, таму што яны з розных слаёў, з розных гуртоў. Хтосьці прыходзіць падрыхтаваным і свабодна, вольна, лёгка размаўляе на мове, а хтосьці павітацца па-беларуску не можа. Публіка разнастайная. Але мы стараемся падбіраць матэрыял лягчэйшы, адным напомніць, а другіх зацікавіць. Дзяўчат больш і больш маладых, актыўных людзей.

Адным з першых выкладчыкаў стаў Андрэй Колас, што выкладае па-беларуску ажно 13 прадметаў:

– Выкладаю спецыяльна турыстычную дысцыпліну. Зразумела, што помнікі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь такая дысцыпліна, якая звязаная з гісторыяй Беларусі, з беларускай мовай, са спадчынай. Але вось менеджмент, маркетынг і эканоміка – гэта такія дысцыпліны, якія мне было цяжка перакладаць. Я не ведаў тэрміналогіі на беларускай мове, шукаў яе. І часам браў польскія, часам украінскія словы, скажам так, запазычваў асабіста для сябе. Таму што ў нас у расейскамоўным асяроддзі дзеці часам не разумеюць.

Музычную  частку курсаў прадставіў гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў, які выканаў свае песні на вершы Дануты Бічэль, Алеся Чобата і некаторыя творы гуртоў “Людзі на балоце”, “Кальян” і “Дзецюкі”.

 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча