Ваўкавыскія гісторыі ад Міколы Быхаўцава
Плённа працуе на ніве краязнаўства і гісторыі Мікола Быхаўцаў з Ваўкавыска. Калі надараецца вольная хвіліна, ён даследуе свой Ваўкавыскі край. Пачаў друкаваць свае артыкулы аб гісторыі Ваўкавышчыны з 2001 года, і амаль усе кнігі па гісторыі і краязнаўству Ваўкавышчыны спадар Мікола выдаў за свае ўласныя сродкі.
Тры апошнія кнігі, якія выйшлі з-пад пяра Міколы Быхаўцава, таксама прысвечаныя Ваўкавышчыне. Гэта ўнікальныя кнігі – “Гісторыя Касцёла на Ваўкавышчыне” (кніга выйшла па-беларуску), “Ваўкавыск савецкі, 1939-1941, 1944-1953” (кніга выйшла на рускай мове) і кніга “На Ваўкавыскім накірунку” (выйшла па-руску).
У першай кнізе аўтар апісвае гісторыю рымска-каталіцкага Касцёла на тэрыторыі былога Ваўкавыскага павета, які праіснаваў да пачатку 1940 года і быў скасаваны савецкай уладай. Тэрыторыя Ваўкавыскага павета на працягу значнага перыяду гісторыі супадала з тэрыторыяй Ваўкавыскага рымска-каталіцкага дэканата, які ўваходзіў у Віленскую дыяцэзію (біскупства) да 1991 года, калі паўстала Гарадзенская дыяцэзія. Кніга змяшчае шмат арыгінальных фактаў, выяўленых у архівах і ўспамінах сучаснікаў падзей, і падзеленая на дзве часткі. У першай з іх даецца апісанне агульнай гісторыі Касцёла на Ваўкавышчыне, а ў другой – апісанне гісторыі паасобных касцёлаў.
У кнізе пра першыя саветы аўтар цікава апісвае тыя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна пасля вайны і аж да смерці Сталіна. Краязнавец запісаў шмат успамінаў людзей, якія былі сведкамі тых падзей у Заходняй Беларусі.
Трэцяя кніга Міколы Быхаўцава прысвечана Другой сусветнай вайне, дзе аўтар апісвае чэрвеньскія баі на Ваўкавыскім накірунку: Беласток – Ваўкавыск – Слонім.
Цяпер Мікола Быхаўцаў працуе над тэкстамі да фотаальбома, які сёлета выйдзе на польскай мове. Гэты фотаальбом пра Ваўкавыск рыхтуе жанчына з Польшчы, якая паходзіць з Ваўкавышчыны: яе сям’я выехала ў Польшчу ў 1950-я гады. У ім будуць надрукаваны фотаздымкі Ваўкавыска да 1939 года і фотаздымкі сучаснага горада.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ваўкавыск