Вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні ў Гародні
Пры аншлагу прайшоў у Гародні вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні. У актавай залі Свята-Пакроўскага праваслаўнага сабору гарадзенскія паэты прэзентавалі калектыўны зборнік вершаў «Каложскі Дабравест». Ён мае ўжо нумар «два», а значыць стаў рэгулярным.
Пра задуму выдання кажа айцец Павел Каспяровіч, клірык сабору, паэт:
– Сёлета мы святкуем 20-годдзе выхаду зборніка «Лябірынты прывіднага замку», які быў выдадзены роўна 20 год таму клубам гарадзенскіх паэтаў, які ўжо не існуе. Бо некаторыя з іх ужо спачылі, як Юрась Гумянюк і Эдзік Масько, некаторыя пераехалі ў Менск, як Юрась Пацюпа. Гэтыя нашыя зборнікі як працяг традыцый аб’яднання гарадзенскіх паэтаў. Толькі ў нашым выпадку – гэта хрысціянства, вера ў спалучэнні з паэзіяй.
У зборніку свае вершы прадставілі пераважна паэты гарадзеншчыны: Данута Бічэль, Анатоль Брусевіч, Рычард Бялячыц, Юрка Голуб, Зніч, Павел Каспяровіч, Ала Нікіпорчык, Аліна Паўлоўская, а таксама Андрэй Мельнікаў, які цяпер жыве ў Менску.
Ці складаная тэма духоўных пошукаў для паэта? Спрабуе знайсці адказ паэт Рычард Бялячыц са Шчучына:
– Шматлікія бяруцца за гэтую тэму, аднак штосьці сказаць новае – даволі цяжка, менавіта канкрэтна на духоўную, рэлігійную тэму. Таму яна павінна мець праламленне перш за ўсё ў побыце, у нашых дзеяннях, у нашых памкненнях. Гэта ўсё цесна звязана, непарыўна, душа ёсць душа.
На пачатку імпрэзы ў выкананні харавой групы Свята-Пакроўскага сабору прагучаў гімн «Магутны Божа». Паэты – аўтары зборніка, а таксама дзеці з нядзельнай школы прадэкламавалі вершы. Таксама перад залай выступіў бард і паэт Андрэй Мельнікаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя