Вечар памяці Генадзя Бураўкіна пройдзе ў Менску



У Менску згадваюць паэта і грамадскага дзеячы Генадзя Бураўкіна. 13 верасня ў сталічным Музеі Максіма Багдановіча адбудзецца адмысловая вечарына, на якой запрэзентуюць кнігу ўспамінаў пра Генадзя Мікалаевіча «Перадусім Беларусь».

Укладальнікам кнігі выступіў журналіст Сяргей Шапран:

— Тут сабраныя тэксты, аўтары якіх распавядаюць пра Генадзя Мікалаевіча па-рознаму. Увогуле, тут шмат каго можна ўзгадваць, я баюся проста кагосьці цяпер не назваць… Калі Міхась Скобла кажа, што ў Віцебску абавязкова павінна з’явіцца вуліца ці плошча імя Бураўкіна, я абсалютна перакананы ў тым, што вуліца і плошча Бураўкіна павінны з’явіцца і ў Менску. Гэтая кніга — даніна памяці Генадзю Мікалаевічу.

Сярод выступоўцаў імпрэзы — Уладзімір Арлоў, Зміцер Вайцюшкевіч, Анатоль Вярцінскі, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла ды інш.

Падчас вечарыны будуць прадстаўлены цікавыя матэрыялы з архіва паэта, якія ўдава паэта Юлія Якаўлеўна Бураўкіна перадала ў фонды музея.

Пачатак імпрэзы а 17-й гадзіне.

buraukin_peradusim_712

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя