Вечар памяці Уладзіміра Высоцкага ў Слоніме



Пры жыцці вядомы савецкі спявак Уладзімір Высоцкі пабываў у Наваградку, Ружанах, Слоніме, Гародні і ў іншых гарадах Беларусі. На беларускай зямлі ў яго было шмат сяброў і знаёмых. І гэта невыпадкова. І мы, беларусы, не павінны забываць гэтага таленавітага чалавека, бо фармальна, па бацьку, Уладзімір Высоцкі быў беларусам. Яго дзед Высоцкі, родам з Берасцейшчыны, у свой час пераехаў у Маскву. Там у яго нарадзіўся сын – Сямён, які і стаў бацькам Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага. Дзед удзельнічаў у выхаванні свайго ў будучыні славутага ўнука. Ды і жонка Уладзіміра Высоцкага Марына Уладзі, якая адыграла ў жыцці барда вялікую ролю, была яшчэ большай беларускай, лічачы таксама па бацьку, які быў родам з Наваградчыны. І Уладзімір Высоцкі, і французская артыстка Марына Уладзі цікавіліся сваімі каранямі. У свой час нават гісторыку Міхасю Ткачову аднойчы давялося пабываць экскурсаводам па мясцінах жыцця іх продкаў у Беларусі.

Таму вечарына памяці Уладзіміра Высоцкага, якая адбылася ў Слонімскай сярэдняй школе № 3 і мела назву “Я, вядома, вярнуся…”, была дарэчы. Вечарыну арганізавала Наталля Чартапалохава – супрацоўніца Слонімскага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму. У вечарыне памяці Уладзіміра Высоцкага прынялі ўдзел не толькі школьнікі, але і дарослыя, якія пад гітару і іншыя музычныя інструменты выконвалі песні вядомага барда. Разам з песнямі прысутныя яшчэ раз пачулі словы пра жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Высоцкага, якому 25 студзеня споўнілася б 77 гадоў.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара