Вечары ў замку Радзівілаў перанясуць з-за Еўрапейскіх гульняў
Фэст «Балетнае лета ў Вялікім» пройдзе ў Менску 21-28 чэрвеня – дырэкцыя Вялікага тэатру оперы і балета разлічвае на цікавасць наведнікаў Еўрапейскіх гульняў, што адбудуцца ў гэтыя дні ў беларускай сталіцы.
А «Вечары Вялікага тэатру ў замку Радзівілаў» сёлета з прычыны гульняў пройдуць у Нясвіжы крыху раней – 14-16 чэрвеня.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску распавёў намеснік гендырэктара Вялікага тэатру оперы і балета Уладзімір Рылатка:
– Заўсёды традыцыйна мы іх праводзім тры дні. Пачнём у пятніцу з “Рамэа і Джульета”. Раней мы “Рамэа і Джульета” ў Нясвіжы не паказвалі, думаю, што гэта будзе досыць цікава. Мы прывязем туды таксама новую “Тоску” і, канешне, вялікі гала-канцэрт. Акрамя таго ў касцёле мы пакажам касцёльную музыку Манюшкі. Гэта новая работа. Там будуць удзельнічаць і салісты, і аркестр, і невялікі хор.
Вечары Вялікага тэатру оперы і балета праходзяць у Нясвіжы з 2010 года, штогод іх наведвае да 4 тысяч гледачоў за тры фестывальныя дні.
Беларускае Радыё Рацыя