Вечарына памяці аўтара “Пакутнага веку”



На сядзібе ТБМ у Менску адбылася вечарына памяці беларускага пісьменніка, эколага і грамадскага дзеяча Васіля Якавенкі (1936-2018).

Ушанаваць Васіля Цімафеевіча прыйшлі яго сябры, родныя людзі і проста чытачы, якія добра знаёмыя з творчасцю літаратара. Шчырыя згадкі пра Васіля Якавенку ў гэты вечар гучалі ад Анатоля Астапенкі, Валеры Дранчука, Аляксея Рагулі, Алены Анісім і іншых вядомых людзей у Беларусі. Свой верш памяці Васіля Якавенкі прачытаў паэт Алесь Клышка, а згадкі пра яго песнямі аздобіў бард Андрэй Плясанаў…

Нагадаем, што Васіль Якавенка напісаў і выдаў больш за 20 кніг, сярод якіх – “Другой зямлі не будзе”, “Надлом”, “ Пакутны век”, “Нячывелле”, “Абярэг” і іншыя. У 1980-я гады ён актыўна выступаў супраць вялікага меліярацыйнага праекту абвалавання і выпроствання рэчышча Прыпяці. Ён быў тым, хто праз сваю дзейнасць ратаваў нашу зямлю ад наступстваў радыяцыйнай навалы і быў першым кіраўніком аргкамітэта па стварэнні Беларускага Народнага Фронту.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара