Вечарына памяці Леаніда Маракова
12 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча а 18-ай гадзіне адбудзецца вечарына памяці Леаніда Маракова, прымеркаваная да 60-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.
Леанід Маракоў — аўтар унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў 10 тамах (15 кнігах, 9 з якіх на пачатак 2008 г. былі надрукаваныя) «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991», у якім прыводзяцца біяграфіі больш за 20 000 расстраляных або загінулых у сталінскіх канцлягерах (Гулагу) дзеячаў беларускай культуры. Іншыя значныя працы апублікаваныя Мараковым: «Вынішчэнне» — кніга, прысвечаная даследаванню рэпрэсіяў супраць беларускіх літаратараў; «Ахвяры і Карнікі» — дакументальнае даследаванне лёсаў ахвяраў і іх катаў у часы масавых расстрэлаў 1930-х гг.; двухтамовы энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917—1967».
Удзел у імпрэзе возьмуць: старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, літаратар Уладзімір Арлоў, паэт і журналіст Міхась Скобла, дырэктар БДАМЛіМ Ганна Запартыка, намеснік дырэктара Наталля Гардзіенка, паэт Віктар Шніп.
Адрас: Менск, вуліца М. Багдановіча, 7а
Уваход вольны.