Вечарына памяці паэта і дыпламата Генадзя Бураўкіна (абноўлена)
Бард ды рок-музыка Зміцер Вайцюшкевіч праспяваў адмыслова да імпрэзы напісаную песню “Маці” на верш Генадзя Бураўкіна, Паэт прысвяціў гэты верш матулі – Феадосіі Ягораўне. Пасля чаго вечарыну раптам перапыніў уедлівы голас з пажарнага дынаміка – “Увага, трывога! Усім пакінуць памяшканне!” Беларускія ўлады дагэтуль лічаць, што Паэт пагражае, джаліць іх і пасля смерці. Так гаварылі на выхадзе многія. Але не перад мікрафонам – згадкі “пра іх” нягодныя Яго Памяці. Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну споўнілася б 78…
У менскім Палацы мастацтваў адбылася вечарына памяці паэта, грамадскага дзеяча, экс-амбасадара Беларусі ў ААН. У зале сабраліся сябры, прыхільнікі, музыкі, “зубры” беларускай паэзіі ды прозы Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Сяргей Законнікаў, Леанід Дранько-Майсюк, Віктар Казько. У продажы напярэдадні з’явіўся апошні зборнік Бураўкіна “Нагаварыцца з зоркамі”, сігнальны экзэмпляр якога ён паспеў патрымаць у руках яшчэ пры жыцці. З аднадумцамі ды аднадушцамі дзядзькі Генадзя мы аддаліся ўспамінам.
Зінаіда Бандарэнка, самы прыгожы і знакаміты твар пры “бураўкінскім” ТБ, народная артыстка Беларусі, сяброўка Паэта:
– З тым, што Генадзя няма, не магу змірыцца дагэтуль. Мы, былыя “асы” БТ, калі вымушаныя былі сысці, вельмі часта тэлефанавалі яму. Яго спагадлівае слова дапамагала. Яго мудрасць і беларускасць. Дарэчы, менавіта пры Бураўкіне пачалася барацьба за беларускае Слова ў тэле-радыё-эфіры. Многім спачатку не падабалася. Але з яго дабразычлівасцю, у тым ліку да апанентаў, незаўважна ўсе перайшлі “на мову”. Скандальны паэт Толя Сыс так бы і застаўся ў Гомелі без яго апеквання. Ён шукаў кадры, што любяць Беларусь…
Уладзімір Арлоў, пісьменнік:
– Я вучыўся ў першай СШ Полацка, дзе і ён. Палачанаў увогуле вызначае вера ў дзівосы. Бураўкін сам іх ствараў сваім Словам залатой пробы. І ўчынкамі, што назаўжды застануцца ў нашай гісторыі. Хіба не дзіва, што за савецкім часам здолеў стварыць нацыянальнае па духу ТБ?! Хіба не Божая воля, што стаў прадстаўніком у ААН, калі з’явілася незалежная Рэспубліка Беларусь?! Дарэчы, калі ён прыехаў у Новы Ёрк, не было машынкі з беларускім правапісам. Усё трэба было ствараць нанова. Дагэтуль памятую яго верш “Юнацтва сінія арэлі”, якія гойдаюць паміж зямлёй і небам – гэты верш з’яўляюцца метафарай яго паэзіі, якая будзе жыць, пакуль жыве Беларусь…
Уладзімір Міхарскі, рэжысёр папулярных тэлепраграм “Крок” ды “Крок-2”:
-Ён упершыню за чатыры дзесяцігоддзі знаёмства адмовіў мне перад смерцю – не хапала здароўя для адказнага дыялогу са Святланай Алексіевіч. Але на “Белсаце” я раней зрабіў яго відэа-партрэт. Паказаў мне тады вершы ў чарнавіках. Запомніў чатырохрадкоўе, як маніфест: Пабудавалі храмы на зямлі – забыліся паставіць храмы ў душах. Свабодны дух яны нахабна душаць – нябоскія жывыя святары…
Паэт Леанід Дранько-Майсюк:
– Людзі мала каго любяць. А вось Бураўкіна ўсе любяць і ведаюць – упэўніўся ў шматлікіх вандроўках ды выступах з ім па краіне. Дарэчы, на добрую палову яго вершаў напісаныя песні. У народзе жыве і будзе жыць яго “Калыханка” з яе цудадзейснай энэргіяй на нацыянальнае выхаванне. Яго паэзія прыводзіла да прыгажосці, а не да зла, якое спавядаюць зараз многія творцы. Яго вершы – сама Прыгажосць…
Зміцер Вайцюшкевіч, з якім ў Бураўкіна быў апошні песенна-музычны супольны творчы праект:
– Для мяне знаёмства з ім было нечаканым – былы вялікі чыноўнік, выдатнейшы паэт. Праўда, “заслужаныя” і “народныя” баяліся ўжо супрацы з ім. Мы зрабілі два альбомы – “Лірыка” ды “Беларускі шансон”. Самае нечаканае, калі пагадзіўся на крымінальную тэму – мы “наспявалі” 25 вершаў! Галоўнае – былі станоўча ўспрынятыя “профі” і слухачамі. Вось адразу некалькі радкоў: Зязюлі нам падлічаць валацужныя гады, Дарогі нас паклічуць немаведама куды. Адглытнем вады з біклагі мы ля возера ў гары, Мы вядомыя бадзягі – закадычныя сябры…
Незалежны журналіст Аляксандр Старыкевіч:
– Для мяне Бураўкін незамяняльны. Я страціў шматгадовага сябра. А Беларусь – выбітнага дзяржаўнага дзеяча, Паэта. Мала зараз такіх, у каго б ТАК балела душа за Бацькаўшчыну. Генадзь Мікалаевіч быў адным з апошніх рамантыкаў Беларушчыны. Мару не пра вуліцы яго імя – яны абавязков з’явяцца. Спадзяюся на з’яўленне пад яго ўплывам моладзі “бураўкінскай генерацыі”…
Скончу сваім ўспамінам пра выпадак, што адбыўся ў 90-х, напярэдадні 19 партканферэнцыі КПСС, на якой – прагназавалі многія – мог адбыцца “адкат”, аж да адстаўкі Гарбачова. На радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”, дзе тады працаваў аўтар, былі падрыхтаваныя дзве вялікія перадачы, у якіх упершыню ў дзяржаўным эфіры расказвалася пра “Талаку”. Бралі ўдзел яе лідары – Сяржук Вітушка, Алесь Суша, Вінцук Вячорка. Тады яшчэ партфункцыянеры не асмельваліся “спакойна” здымаць абвешчаныя ў газеце перадачы. І – паспрабавалі забараніць рукамі Бураўкіна. Я ў якасці намесніка галоўнага рэдактара сустрэўся з ім. Генадзь Мікалаевіч абачліва-спакойна сказаў, што, маўляў, іх не чытаў, таму “прымайце рашэне самі”. Я ўсміхнуўся, бо ведаў, што, дзякуючы “добразычліўцам”, у ідэалагічным аддзеле ЦК КПБ яны аддрукавныя ўжо ў двух сотнях асобнікаў. Рашэнне ж рэдакцыі было старшыні Дзяржтэлерадыё вядомае. А пасля… спадар Генадзь міргнуў мне і паказаў на “прадбаннік” перад уваходам у кабінет – я здагадаўся, што там не “праслухоўваюць”. І, наблізіўшы вочы, сказаў – “дык няхай “талакоўцы” падаюць у суд на Краўчанку!” Апошні быў ідэалагічным сакратаром менскага гаркама КПБ і галоўным душыцелям “Талакі”. Я адразу зразумеў – у нас, “незалежнікаў”, ёсць надзейны заступнік на гады.
Прыканцы тое, што гучала на вечарыне: Вечная Памяць. Бураўкін назаўжды!
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Вечарына памяці Генадзя Бураўкіна прайшла ў менскім Палацы мастацтваў. Сярод тых, хто прыгадваў пра паэта, грамадскага дзеяча і дыпламата, былі Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Леанід Дранько-Майсюк ды іншыя асобы.
У тым ліку незалежны журналіст Аляксандр Старыкевіч:
– Незвычайна светлы чалавек для сённяшніх часоў – добразычлівы, талерантны ў лепшым сэнсе гэтага слова. Асоба, якіх ужо амаль няма. Для мяне людзі кшталту Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава – яны асацыююцца са словам «зубры». Ёсць цікавыя, годныя людзі сярод наступных пакаленняў. Але менавіта вось такіх «зуброў»… магчыма гэта прыкмета часу.
Музыка Зміцер Вайцюшкевіч выканаў на вечарыне песню “Маці” на вершы Генадзя Бураўкіна. Напярэдадні ў продажы з’явіўся апошні зборнік Бураўкіна “Нагаварыцца з зоркамі”, сігнальны экзэмпляр якога паэт паспеў патрымаць у руках яшчэ пры жыцці. Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну споўнілася б 78 гадоў.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота novychas.info
* * *
У менскім Палацы мастацтваў праходзіць вечарына памяці паэта, грамадскага дзеяча, былога амбасадара Беларусі ў ААН – Генадзя Бураўкіна.
У актавай зале Палацу мастацтваў выступаюць Уладзімір Някляеў, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Арлоў.
Бард ды рок-музыка Зміцер Вайцюшкевіч напісаў адмыслова да вечарыны песню “Маці” на словы Генадзя Бураўкіна.
Сярод удзельнікаў вечарыны рэжысёр папулярных, найбольш рэйтынгавых у часы, калі Дзяржтэлерадыё ўзначальваў Генадзь Бураўкін, тэлепраграм „Крок” ды „Крок-2” – Уладзімір Міхарскі:
– Калі адкрыў сваё вяшчанне Белсат, я зрабіў пра Бураўкіна творчы відэа-партрэт. Калі скончылі здымкі я сказаў: “Трэба ўсё ж такі скончыць паэтычным творам”. Ён мне даў верш, напісаны ад рукі – вельмі публіцыстычны: “набудавалі храмаў на Зямлі, забыліся паставіць храмы ў душах. І вольны дух яны нахабна душаць”.
Беларускі паэт, журналіст і дыпламат Генадзь Бураўкін памёр сёлета 30-га траўня, на 78-м годзе жыцця.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце