Вечарына памяці воіна-афганца, які займаўся літаратурай
У Слонімскай гарадской бібліятэцы № 4 адбылася вечарына памяці беларускага пісьменніка і воіна-афганца Івана Сяргейчыка (1949-2006).
Слонімцы і мясцовыя літаратары шчыра прыгадвалі гэтага таленавітага чалавека, які жыў у Слоніме і першы пачаў пісаць творы пра Афганістан. У 1991 годзе ў Менску выйшла яго першая кніга “Горкі пыл Гіндукуша”. Потым былі кнігі “Сцяжынка родная мая”, “Без права на літасць” і іншыя. Ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Пра Івана Сяргейчыка прыгадвалі пісьменнікі Ірына Войтка, Сяргей Чыгрын, Зьніч, Святлана Адамовіч. Былы воін-афганец Аляксандр Высоцкі паказаў рукапісы Івана Сяргейчыка, дзе ён апісаў свае думкі пра вайну ў Афганістане.
Настаўніца Ірына Радзецкая пагартала яго кнігу “Сцяжына школьная мая” і распавядала гісторыі пра лёс тых школьнікаў, пра якіх пісаў Іван Сяргейчык у 2005 годзе. Падчас вечарыны гучалі патрыятычныя песні ў выкананні Наталлі Чартапалохавай і Тамары Пяцелінай.
Дарэчы, у наступным годзе ў Слоніме на доме, дзе жыў Іван Сяргейчык, будзе ўстаноўлена мемарыяльная шыльда.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара