Вечарына “Прастора, час і далягляды Пятра Васючэнкі”



Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае 15 лютага 2019 года а 17-й гадзіне на мерапрыемства “Прастора, час і далягляды Пятра Васючэнкі”, прымеркаванае да 60-годдзя літаратуразнаўцы, крытыка, празаіка, драматурга, эсэіста, казачніка і аўтара фэнтэзі Пятра Васючэнкі.

Каля дзвюхсоцен літаратурных твораў і навуковых работ – яго набытак на ніве слова. Пісьменнік і навукоўца сузірае класіку беларускай літаратуры (творы Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Алеся Гаруна, Уладзіміра Караткевіча) з пазіцыі сучаснасці. Аўтар перакананы ў жыццятворчай місіі літаратуры, знаходзіць у старых і новых тэкстах тое, што робіць іх актуальнымі, займальнымі і павучальнымі для чытача ХХІ стагоддзя. Вось такі “чалавек-аркестр”.

У 2003 г. Таварыства Вольных Літаратараў лепшай мастацкай кнігай года абвясціла кнігу Пятро Васючэнкі “Жылі-былі паны Кульбіцкі ды Заблоцкі”, а яе аўтар стаў лаўрэатам прэміі “Гліняны Вялес”. А ў 2010 г. Пятро Васільевіч у намінацыі «За стварэнне новай беларускай міфалогіі» стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі «Блакітны свін», заснаванай суполкай «Літаратурнае прадмесце»,  за «нонканфармізм і здольнасць захаваць творчую “самасць”».

Творы пісьменніка перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.

У мерапрыемстве прымуць удзел: Навум Гальпяровіч, Уладзімір Сіўчыкаў, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Алег Вінярскі. Музычнае віншаванне прагучыць у выкананні Міхаіла Бараноўскага і Яраша Малішэўскага. Акрамя гэтага, госці вечарыны  ўбачаць урывак з лялечнага спектакля па творы Пятра Васючэнкі “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” у выкананні паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч”.

budzma.by