Вечарына ў гонар Івана Чыгрынава
У Музеі гісторыі літаратуры адбылася мемарыяльная вечарына «Самы шчаслівы чалавек» да 85-й гадавіны народнага пісьменніка Беларусі, першага старшыні Беларускага фонду культуры Івана Чыгрынава.
Распавядае ягоны наступнік на пасадзе старшыні БФК Уладзімір Гілеп:
– Пры Іване Гаўрылавічы з’явіліся такія арганізацыі, як аддзелы Беларускага фонду культуры: Таварыства беларускай мовы, Краязнаўчае таварыства, Саюз фалькларыстаў, Саюз народных майстроў. Гэта – дзеці Фонду культуры. Гэта азначала, што прачнулася беларуская інтэлігенцыя, прачнулася нацыянальнасць наша разам з Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым.
Мемарыяльная вечарына сабрала ў адной з залаў Музея гісторыі літаратуры былых і дзейсных прадстаўнікоў Фонду культуры, літаратараў, даследчыкаў літаратуры, тых, хто ведаў Івана Чыгрынава пры жыцці, і прыхільнікаў ягонае творчасці.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
