Вечарына ў гонар Валянціна Тараса



У сталічным Музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла вечарына “На выспе ўспамінаў” – даніна памяці пісьменніку Валянціну Тарасу, якому цяпер споўнілася б 90 год.

Кажа літаратурны крытык Сяргей Дубавец:

– Апошнюю кнігу ён мне падпісаў словамі: “Майму сябру Сяргею Дубаўцу ад хлопчыка з лесу”. Тарас усё жыццё пачуваўся падлеткам, які змяняецца. Ён расце, ён жыве, ён фармуецца, але ў ім яшчэ нічога не схапілася для таго, каб яго ўпісаць у нейкія там аналы. Усё жыццё да апошніх дзён ён і заставаўся такім хлопчыкам, можа, ужо не “з лесу”, але падлеткам.

Валянцін Тарас належаў да так званага пакалення “шасцідзясятнікаў”. Яшчэ падлеткам ён ваяваў у партызанах, потым як пісьменнік і публіцыст браў удзел у дысідэнцкім руху часоў СССР. Горача вітаў аднаўленне незалежнасці Беларусі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск