Velcom запусціла праект Movabox у падтрымку беларускай літаратуры



Аператар мабільнай сувязі velcom запусціў новы культурна-адукацыйны праект у падтрымку беларускай літаратуры, які атрымаў назву Movabox. Прэзентацыя праекта адбылася ў час прэс-канферэнцыі 27 кастрычніка ў Менску.

Velkom

Праект Movabox стаў своеасаблівым працягам сацыяльнай ініцыятывы кампаніі „Чытаем па-беларуску з velcom” па папулярызацыі беларускай мовы, літаратуры і культуры, у рамках якой на працягу года сучасныя пісьменнікі знаёмілі вучняў малодшых класаў прыкладна 70 школ у Менску, Берасцейскай і Гомельскай абласцях з беларускай літаратурай.

„Мы пачынаем новы праект, які накіраваны на больш на падлеткаў і студэнтаў, — зазначыў кіраўнік аддзела брэнд-менеджменту кампаніі Дзмітрый Курловіч. — Яго мэта таксама заключаецца ў тым, каб зацікавіць падлеткаў чытаць сучасную беларускую літаратуру”.

Прадстаўнік кампаніі расказаў, што velcom запусціў асобны сайт праекта, на якім на працягу паўгода будуць прадстаўленыя чатыры творы сучасных беларускіх аўтараў. „Гэта не спроба якім-небудзь чынам расказаць пра сам твор, але спроба зацікавіць прачытаць кнігу”, — растлумачыў ён.

Зараз на сайце прэзентуецца раман „Авантуры студыёзуса Вырвіча” — другая частка серыі гісторыка-прыгодніцкіх фэнтэзійных кніг Людмілы Рублеўскай пра маладога шляхціча Пранціша Вырвіча ў антуражы XVIII стагоддзя.

Любы ахвочы можа прайсці на сайце невялікі тэст, заснаваны на расказанай у кнізе гісторыі, пасля чаго ён зможа зарэгістравацца для ўдзелу ў розыгрышы аднаго з дваццаці тэматычных камплектаў ад праекта Movabox. У кожным камплекце ёсць сама кніга, набор для вырошчвання крышталя, мяшочак з манеткай, карта падарожжаў галоўных герояў рамана, нататнік з чорнымі старонкамі і ручка з белымі чарніламі, магніт на халадзільнік з выдуманага горада, згаданага ў кнізе, а таксама рэцэпт традыцыйнай беларускай стравы — верашчакі. Усе гэтыя рэчы непасрэдна звязаныя з падзеямі, апісанымі ў рамане.

Аўтар кнігі Людміла Рублеўская стала першай ўладальніцай такога камплекта. Яна прызналася, што ніколі не думала, што яе раман можна такім чынам візуалізаваць і матэрыялізаваць, і падрабязна распавяла пра тое, як звязаныя рэчы з камплекта з кнігай.

Розыгрыш прызоў, якія прысвечаныя першай з чатырох кніг — удзельніц праекта, адбудзецца 24 снежня. Пасля гэтага на сайце будзе прадстаўлены наступны твор, аднак, які менавіта, арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.

У межах праекта Movabox, сказаў Курловіч, velcom таксама плануе ўсталяваць у кавярнях і крэатыўных прасторах Менска і іншых гарадоў краіны спецыяльныя паліцы для абмену кнігамі, на якіх можна будзе знайсці самыя цікавыя сучасныя беларускамоўныя творы.

belapan.by