Вера Бурлак выдае кнігу дзіцячых чытанак-вершаванак
Выдавецтва „Галіяфы” распачало краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на выданне дзіцячай кнігі паэткі-фантазёркі Веры Бурлак.
Тут знойдуцца як вершаванкі-чытанкі на дабранач, так і вясёлыя прачынанкі-ўставанкі. Большасць вершаў лёгкія для завучвання на памяць.
Кніга арыентаваная на дзяцей ад 6 да 10 гадоў. Кожны, хто разумее, як рэдка апошнім часам з’яўляюцца харошыя дзіцячыя кнігі, проста мусіць звярнуць увагу на гэтае выданне.
„Фантазюркі” — гэта яшчэ і праца двух найцікавейшых мастакоў: Веранікі Лемешавай і Андрэя Пакроўскага. Жывыя вершы з неймавернай гульнёй слоў, а таксама вясёлыя графічныя малюнкі, вершаванкі пра тое, што жыве і знаходзіцца побач з намі, спалучэнне верагоднага і неверагоднага — усё гэта вы зможаце знайсці ў новай кнізе Веры Бурлак!
Таксама ў межах краўдфандынгавай кампаніі ёсць магчымасць атрымаць арыгінальныя малюнкі ад Андрэя Пакроўскага і сустрэцца з аўтаркай ды мастаком за кавай.
Вера Бурлак працуе выкладчыцай, піша вершы і прозу. Яна выдала кнігі „За здаровы лад жыцця” (2003), „Забі ў сабе Сакрата” (разам з мужам Віктарам Жыбулем, 2008), „Творы соннага жанру” (2011), „Дзеці і здані» (2012). Пераклала на беларускую мову казку Льюіса Кэрала „Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса” (Галіяфы, 2017). Гадуе двух сыноў.