„Верасень” прэзентавалі ў “Лясным”
У школьным аздараўленчым лагеры “Лясны” Слонімскага раёна вучні і настаўнікі сустрэліся з беларускімі літаратарамі Леанідам Дранько-Майсюком, Эдуардам Акуліным і Сяргеем Чыгрыном.
Падчас сустрэчы адбылася першая прэзентацыя № 12 літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”. №12 “Верасня” нядаўна выйшаў з друку. Ён багаты на вершы, прозу, пераклады, публіцыстычныя эсэ.
Сяргей Чыгрын сказаў, што свежы нумар “Верасня” адметны тым, што ў ім апублікаваны вершы малавядомага паэта Заходняй Беларусі з вёскі Юхнавічы Слонімскага павета Леаніда Клёна, які за беларускія справы сядзеў у турмах, захварэў на сухоты і памёр ва ўзросце 21 года. Часопіс апублікаваў яго вершы.
Леанід Дранько-Майсюк чытаў свае паэтычныя радкі, а таксама разам са школьнікамі і настаўнікамі выконваў асобныя строфы пра Беларусь. Эдуард Акулін пад гітару праспяваў некалькі лірычных песень, прачытаў свае новыя вершы. Вельмі цікавай атрымалася гутарка літаратараў з настаўнікамі і вучнямі, якія задавалі пытанні гасцям, а таксама адказвалі і самі на пытанні пісьменнікаў. Сустрэча сябрам “Ляснога” запомніцца на доўга. Аб ёй будуць нагадваць і аўтографы на кнігах аўтараў.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара