Вернікі Праваслаўнай царквы святкуюць Пакроў
Пакроў Божай Маці – для многіх нядзельных школ на Піншчыне пачатак новага навучальнага году. Гэта датычыцца тых прыходаў, дзе Пакроў Божай Маці – прыстольнае свята, як у вёсцы Пінкавічы.
Выкладчыца Святлана Максімовіч распавяла, як выглядаюць заняткі ў іхняй нядзельнай школе:
– Нам далі добрае памяшканне, там жа мы праводзім і дзіцячыя святы. Мы рыхтуем ранішнікі на свята Божага нараджэня і на Вялікдзень. Вывучаем Слова Божае, ёсць заняткі па гісторыі, таксама дзеткі малююць, займаюцца рукадзеллем, займаюцца спевамі, мы вучым песні пра Бога, рыхтуемся да кожнага царкоўнага свята.
На Піншчыне колькасць нядзельных школ рэзка ўзрасла ў апошняе дзесяцігоддзе, а пры храме Раства Найсвяцейшай Багародзіцы, што будуецца на месцы былога Ляшчынскага манастыра, ствараецца моладзевы цэнтр.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя