“Вершы на асфальце” ў гонар Міхася Стральцова
Паэт Міхась Стральцоў некалі трапна назваў сваё літаратурнае пакаленне выхадцаў з вёскі 1960-70-х гадоў “сенам на асфальце”. Сённяшняе пакаленне беларускіх паэтаў ладзіць у яго гонар штогадовы паэтычны фэст з назвай “Вершы на асфальце”.
Гаворыць старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру, мадэратар фестывалю Андрэй Хадановіч:
– Фестываль сёлета ладзіцца ўжо шосты раз. Ніхто не верыў, што гэта зробіцца добрай традыцыяй. Арганізатары, канешне, верылі, спадзяваліся. На шчасце, гэты аптымізм спраўдзіўся. Шэсць гадоў таму, калі Старальцову споўнілася б 75, мы з калегамі па ПЭН-цэнтру і Саюзу беларускіх пісьменнікаў прыдумалі фестываль – каб ён быў міжнародным, каб найлепшае з суседзяў мы маглі пабачыць і паказаць адначасова сябе.
Фестываль “Вершы на асфальце” традыцыйна збірае паэтаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Цягам некалькіх дзён адбываецца чытанне вершаў, іх перакладаў, ладзяцца інтэлектуальныя дыскусіі. Сёлета фестываль праходзіць на пляцоўцы Галерэі “TUT.BY” у Менску.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя