Вершы ўкраінскага паэта Васіля Галабародзькі з’явяцца па-беларуску



Вершы ўкраінскага паэта Васіля Галабародзькі можна будзе пачытаць па-беларуску.

Пераклады яго вершаў зрабіў паэт і перакладчык Міхась Скобла. Нядаўна ён наведаў украінскага калегу ў доме творчасці Ірпень пад Кіеваем, куды Васіль Галабародзька прыехаў часова ў 2014 годзе, каб перажыць вайну на Луганшчыне, бо сам ён з Луганска. Але канца той вайны не відаць, і паэт працягвае жыць у занядбаным, не рамантаваным з савецкага часу, доме творчасці, – кажа Міхась Скобла:

– Як аказалася, Васіля Галабародзьку, дарэчы намінанта на Нобелеўскую прэмію, кнігі якога выходзілі на многіх мовах свету, скажам у Сербіі ў адзін час выйшла анталогія сусветнай паэзіі пад такой назвай „Ад бенгальца Рабіндраната Тагора да ўкраінца Васіля Галабародзькі”, дык вось, аказалася, што яго зусім не перакладалі на беларускую мову, я зрабіў такую дыхтоўную падборку яго твораў і прапанаваў у часопіс „Дзеяслоў”. Барыс Пятровіч сказаў, што ў наступным нумары гэтая падборка выйдзе.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў свой час скарыстаў імя паэта і зняўся ў тэлевізійным серыяле „Слуга народа” пад імем Васіля Галабародзькі. Сам паэт не крыўдуе на Зяленскага, а называе гэтае „выкраданне імя” сваёй папулярызацыяй, хоць тэлесерыял яму не падабаецца.

„У суд падаваць на Зяленскага я не буду”, – пракаментаваў гэтую гісторыя паэт журналістам.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя