Відэаблог для дзяцей, які з’явіўся ва ўмовах самаізаляцыі



Вырашыўшы не рызыкаваць здароўем падчас пандэміі, і праз гэта не выходзячы з хаты, віцебскі паэт і журналіст Канстанцін Севярынец знайшоў сабе карысны занятак.

Разам са сваім сябрам з Маямі яны запачаткавалі відэаблог “Дзед Кастусь і прадзед Саня”. Каб бацькам і было чым заняць дзетак, калі яны не ходзяць у садок, і каб самім з карысцю бавіць вольны час, кажа Канстанцін Севярынец:

– Мы прыдумалі міжкантынентальны праект з рэдактарам часопіса  “Флорыда” з Маямі Аляксандрам Росіным. Мы робім “відэаняню”: я чытаю свае дзіцячыя вершыкі, а мой сябар з Маямі падбірае да іх карцінкі, песенькі і манціруе.

Першыя відэаролікі – расейскамоўныя, але Канстанцін Севярынец піша для дзяцей і па-беларуску. Таму наперадзе – развіццё і ў гэтым накірунку. Але ўжо і цяпер згадкі пра Беларусь – неад’емная рыса праекта: там гучаць беларускія песні і народныя мелодыі. У якасці карыснага занятку, калі сталым людзям з “групы рызыкі” лекары не раяць бавіцца з унукамі, дзед Кастусь таксама раіць чытаць праз тэлефон кніжкі “малодшаму пакаленню”  – гэта таксама добры сродак зносінаў, выхавання і забаваў.

Знайсці сабе карысны занятак у самаізаляцыі зусім не цяжка, перакананыя бацькі вядомага палітыка Паўла Севярынца. Маці Таццяна, прыкладам, шые маскі, якія часта становяцца дэфіцытам у аптэках, і раздае іх родным і знаёмым.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя