Відэавіншаванне з Днём паэзіі ад сябраў СБП Гародні



Для гэтага сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Гародні выбралі музычны варыянт віншавання.

Бо пры абласной суполцы СБП дзейнічае музычны гурт „N.Z.-Harodnia” (Novy Zamak-Harodnia): аднайменны літаратурнаму альманаху. Кажа ўдзельнік гурта і галоўны рэдактар альманаху Янка Трацяк:

– Мы вырашылі зрабіць маленечкае такое віншаванне ў сувязі з выхадам “Новага Замка” . І зрабіць гэтае віншаванне праз свой гурт. Так атрымалася, што людзі ў нашым Саюзе не толькі пішуць, а яшчэ ўмеюць гаварыць, спяваць і граць. І болей таго, яшчэ ўмеюць пісаць вершы, якія цудоўна кладуцца на музыку.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Эпідэмія каронавіруса вымусіла літаратараў пайсці на такі  спосаб прэзентацыі свайго новага альманаху для прыцягнення да яго выхаду чытачоў і гледачоў. Пакуль што ёсць анлайн-магчымасць для шырокага кола прачытаць ці ня ўсе нумары гадавіка „Новы Замак”. Кажа Янка Трацяк.

– Зараз кінулі на два сайты: Kamunikat.org і Рawet.net нашы папярэднія нумары – з другога па сёмы нумары. Новы нумар мы пакуль што не скідваем, але ўжо недзе па восені мы зробім варыянт электронны, бо тыраж вельмі маленькі “Новага Замку” на гэты раз. У ім ёсць што чытаць, вельмі цікавы па змесце.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

У відэавіншаванні літаратары згадалі гледачам, што вартасці прыгожага беларускага слова заўсёды ідуць з ідэяй палітычнай самастойнасці беларускай нацыі.

Таму апошняя песня гурта „N.Z.” датычыла Дня Волі, з якім таксама віншуюць гарадзенскія сябры Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

У складзе музычна-літаратурнага гурта граюць: Валянцін Дубатоўка (бас-гітара, музычны кіраўнік), Янка Трацяк (баян), Віктар Сазонаў (рытм-гітара) і Уладзімір Хільмановіч (сола-гітара).

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня