Віктар Аслюк: Каб дыяменты часу ад часу ўратаваць…



У кінатэатры “Масква” пачаўся 23-і Менскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Дзясяткі прэм’ер, кінапаказаў, сустрэч. Між іншым, у яго рамках адбываецца ў галерэі Міхіла Савіцкага выстава “Фільмы Анджэя Вайды ў суветным кінапракаце”, падрыхтаваная Музеем кінематаграфіі ў Лодзі ды Польскім інстытутам у Менску.

Наш сённяшні госць – вядомы кінадакументаліст Віктар Аслюк. Неаднаразова браў удзел у “Лістападах” розных год, а імя Анжэя Вайды ставіць на ўзроўні дарагога для яго прозвішча Андрэя Таркоўскага. Да таго ж у часе падвядзення вынікаў першага ўсебеларускага он-лайн-фэсту дакументальнага кіно “BELARUSDOSCK”, што кругласутачна трансліраваўся ў інтэрнэце ў кастрычніку цягам тыдня на пляцоўцы “AFISHA.TUT.BY”, быў сярод пераможцаў па колькасці праглядаў сярод гледачоў яго фільма “Алмаз”. Апошняя папярэдне атрымала Гран-пры міжнародных кінафэстаў – “Залаты Замак” у Польшчы, адмысловыя ўзнагароды ў Нямеччыне, Венгрыі, Гішпаніі.

22222-6

РР: Віктар, будзем на “ты”?

Аслюк: Яшчэ б – ведаем адзін аднаго год 20…

РР: Калі рыхтаваў тваю візітоўку, зразумеў, што па ёй можна складаць геаграфію планеты – Санкт-Пецярбург, Берлін, Тэгеран, італьянскі Трыест, Кітай, Венгрыя, натуральна, Польшча і г.д. І апошнія – у Берлін ды Партугалію. А яшчэ сябар Еўрапейскай кінаакадэміі, 60 узнагарод на рознага ўзроўню кінафестывалях, аўтар і рэжысёр больш чатырох дзесяткаў кінастужак. І ўсё-ткі “Лістапад”, бадай, адзінае месца, дзе, калі патрапіш, можна паглядзець на вялікім экране сучаснае дакументальнае кіно. Бо яшчэ ў 90-х знік адзіны ж кінатэатр дакументальнага кіно ў сённяшняй малой зале тэатра Янкі Купалы, перад праглядамі не паказваюць больш стужкі “на патрэбу дня” аб’яднання “Летапіс”. Плюс пастаянныя праблемы з фінансаваннем на “Беларусьфільме”. Значыць, у роднай Беларусі, як і ўсе кінадакументалісты – “самы вядомы з невядомых”?

22222-1

Аслюк: Усё гэта не толькі памянёныя табой месцы, дзе атрымліваеш паперкі ў выглядзе дыпломаў і прызоў. Казаць пра заняпад нашай справы у краіне – гэта адно. Але ў свеце – дайце веры – апошнія 10 год якраз уздым кінадакументалістыкі! Не на “а-ля-Лістападзе”, а на дзесятках тых самых фэстах, дзе разумеюць гісторыю, іерархію і, урэшце, захоўваюць “кінаімгненні для вечнасці” пры поўных залах і ў часе некалькіх сеансаў. І “перасоўваюць” цягам двух год з фэста на фэст – звычайная практыка. Пры чым таго кіно, якім я займаюся – накіраванага на прагляды на вялікіх экранах. І дзе ніякага намёку на аматарства. Хоць разумею, што галоўны экран, дзе магу паказвацца – гэта ТБ. А там мы – “нефармат”. У “тэлекіношнікаў” магчымы так званы “ірваны мантаж”, калі дзеля “актуалізацыі” дапускаюцца кадры, што скачуць, знятыя нават на тэлефоне. Дзе ўсур’ёз могуць казаць пра кіно, знятае на тым самым смартфоне. Гэта проста адна з формаў існавання тэлебачання. Няпраўда! Бо на экране ўсё відаць – ці добрая, за дзесяткі тысяч даляраў оптыка, камеры, прафесійная выўчка ды выпраўка акцёраў і вопыт кінагрупы!

РР: Прыгадваю, як патрыярх нашай кінакрытыкі, памерлая Ала Бабкова пасля апошняга з’езда Саюза кінематаграфістаў наракала на тое, што ў нас адсутнічае тое, што ўжо ёсць ва ўсіх постсавецкіх краінах – недзяржаўны ці прадусарскі, як яго яшчэ называюць, кінасектар. Калі ў той жа Расеі з дзяржбюджэту фінансуюцца рэгулярна да 7-8 незалежных кінакампаній. Хоць і імёны вядомыя да азызласці – студыі Нікіты Міхалкова, Бандарчука, Бікмамбетава. Але такім чынам прысутнічае найважнейшы фактар прагрэсу – канкурэнцыя. І хоць па ініцыятыве ўраду Міністэрства культуры было вымушанае зрабіць прапановы па развіццю айчыннай кінематаграфіі да 2020-га, тая ж сп. Бабкова сцвярджала, што іх чакае фіяска –маўляў, у нас няма перадумовы стварэння незалежнага кінарынку, бо няма свабоды кінабізнэса. А значыць, і свабоды Творцы… Між іншым, на тых жа “Лістападах”, тым больш, у журы, не ўбачыць стваральніка нашумелага “Звычайнага прэзідэнта” Юрыя Хашчавацкага, Міхася Жданоўскага, які на тагачасным “Беларусьфільме” зрабіў стужку пра Курапаты з Зянонам Пазьняком, легендарнага Віктара Дашука, што рабіў серыял па творах Святланы Алексеевіч “У вайны не жаночы твар” , маладых таленавітых рэжысёраў, што спрабуюць сябе на незалежным “Белсаце”…

Аслюк: Ці той жа „Нікіфараваў, рэжысёр вышэйшага прафесійнага ўзроўню, што зрабіў у Маскве за 3 месяцы кіно, у нас не будзе здымаць, бо атрымае капейчыны?” Чытаў, ведаю. Наконт фінансавання. Без падтрымкі дзяржавы не існуе ні адна кінематаграфія ў свеце, за выключэннем Галівуду. Хоць і там для падтрымкі ёсць сотні фондаў, яўных ды прытоеных мецэнатаў, чые ўкладанні і аднаўляюцца.

РР: Але ЯКОЕ кіно там дый, увогуле, у цывілізаваным свеце падтрымліваюць? У Беларусі ёсць жа няўдалы вопыт дзяржпадтрымкі праславутага “Авеля” ці “Двух братоў” – назва мяняліся. Калі дзеля “абачлівасці” на экране сагнаныя дэманстранты замест “жыве Беларусь” раўлі “штосьці не так!”?!

Аслюк: Праект “Авеля” – аматарскі. І не важна колькі грошай ўбухалі. Наіўныя людзі хацелі “з кандачка” заваяваць Амерыку, Каны. І ўпэўнены, што поспех чакае толькі тое кіно, што робіцца на свабодныя тэмы, а не накіроўваецца рукой звыш асцярожнай і баязлівай. Трэба не баяцца здымаць пра смерць ва ўсіх праявах, пра сацыяльныя, псіхалагічныя драмы. І – каб дзяржава кінула татальны кантроль.

22222-3

РР: А хіба дзяржаве гэта патрэбна?

Аслюк: Мусяць быць прынятыя ўмовы гульні, што існуюць ва ўсім свеце. Інакш туды няма чаго прасоўвацца. І плёну не прынясуць тыя, каго дапускаюць на размеркаванне кінагрошай, што вырашаюць ці лабіруюць пры гэтым нечыя інтарэсы, спраўджваюць свае жыццёвыя комплексы ці палітычныя страхі. Галоўны прыярытэт пры адборы на здымкі – добры, якасны праект. Дзяржаўны ён ці незалежны. Да прыкладу, месяц таму быў у маленькай нават у параўнанні з намі Латвіі. Дык там за 2 гады запушчана 18 (! ) уласных ці поўнаметражных ці ігравых фільмаў. Столькі ж каап-прадукцыі ці падтрыманай латвійскай дзяржавай.

РР: Сапраўды, замах на экранізацыю “нечага накшталт” “Вайны і міра”, як прапанаваў нядаўна Аляксандр Лукашэнка, з нашымі кволымі фінансамі не зробіш. Але ж, што тычыцца тваёй любімай дакументалістыкі – яна не можа чакаць Вечнасці, як фільмы Андрэя Таркоўскага…

Аслюк: А ты не правы! Для “вечнасці” застаецца акурат кінадакументалістыка, бо гэта не толькі форма мастацкага мыслення, выяўлення на экране, але яшчэ і ХРОНІКА рэальнага жыцця. А тое ж ігравое кіно, дзе мастацкіх з’яў накшталт Таркоўскага на пальцах пералічыць, у большасці старэе і знікае. Каштоўнасць жа хронікі – не пабаюся зрабіць замах – узрастае з вякамі.

22222-5

РР: Аб’ездзіўшы паўсвету, можаш расказаць прыклад краіны, дзе знайшлі “фармат” паказу якаснага, сапраўднага дакументальнага кіно, таксама “кіно не для ўсіх”?

Аслюк: У розных краінах робіцца па-рознаму. У Берліне нядаўна а 10 увечары бачыў на першым нацыянальным канале фільм Віталя Манскага пра Паўночную Карэю. Прыязджаю ў Чэхію і гляджу вельмі складанага для гледача Сакурава. Хачу звярнуцца да маладых калег. Хлопцы-дзяўчаты, галоўнай праблемай увахода ў прафесію з’яўляецца, як і заўсёды, уласная і няўтольная прага рабіць КІНО. Трэба захацець! А магчымасці вучыцца сёння ёсць і ў французскай, і нямецкай, і польскай кінашколах. Можна карыстацца выгодамі розных фондаў. І застацца беларусамі. І зрабіцца асобамі. Бо гэта каштуе найбольш. Трэба мець талент і ўласны адмысловы позірк, каб нацыянальнае стала ўсясветным, універсальным, менавіта цікавым усяму свету. Нацыянальнае – магчымасць зразумець сябе, а значыць увесь свет. Не кажучы пра маральны і духоўны пачаткі, што вырастаюць спярша з нацыянальнага, найбліжэйшага цябе. І – ёсць толькі забароны, што прадугледжаныя крымінальным і адміністрацыйным кодэксам. І ніколі не будзе сапраўдным героям не думаючы, паспяховы да самазадаволенасці запатрабаваны чалавек, бо – сумны. Усё астатняе – свабода Вашага выбару. Тады прыйдзе ВЯЛІКІ ЭКРАН.

РР: Ты не “спісаўся”?

Аслюк: Спадзяюся, што не. Будучы экран, спадзяюся ж – пакажа. А іншыя ўбачаць…

З 15 лістапада па 1 снежня ў музеі гісторыі беларускага кіно на Свярдлова, 4 у Менску запланаваная рэтраспектыва паказаў шасці фільмаў Віктара Аслюка. Іх адабраў сам аўтар.

Віталь Сямашка Беларускае Радыё Рацыя, сябар Беларускага саюза кінематаграфістаў

Фота аўтара і з архіва Віктара Аслюка