Віктар Казько: Такая сітуацыя для літаратуры – проста смерць
Пісьменнік Віктар Казько ацаніў рашэнне Міністэрства культуры не ўключаць у спіс творчых саюзаў Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Як ужо паведамлялася, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр не ўвайшлі ў лік 13 творчых саюзаў, вызначаных Міністэрствам культуры. А гэта значыць, што многія сябры аднаго са старэйшых саюзаў краіны мусяць плаціць падатак на дармаедства.
Віктар Казько: Такія рашэнні выклікаюць толькі абурэнне. Я не ведаю, як у Мінкульце ўсё гэта рабілася, але такога нідзе ў свеце няма, каб чалавека, які зарабляе сваёй творчай працай, залічвалі ў дармаеды. Пры гэтым у дзяржаве дайшлі да таго, што пісьменнікі з непраўладнага саюза павінны самі выдаваць свае творы і самі іх прадаваць. І за гэта практычна нічога не атрымліваюць. Такая сітуацыя для літаратуры – проста смерць, забіванне па-жывому. У мяне няма слоў, каб выказаць тое, што адбываецца.
РР: Можа у Міністэрстве культуры нешта наблыталі альбо не разабраліся ў сітуацыі?
Віктар Казько: Як гэта не разабраліся? Мне падаецца, што ўсё робіцца ў піку тым, хто нешта з сябе ўяўляе ў літаратуры. Гэта зламыснасць тых, хто ідзе не разам з імі. Гэта – адметнасць сёняшняй улады. Што, Мінкульт забыўся і пра Беларускі ПЭН-цэнтр? Забыўчывасць вельмі дзіўная.
РР: Сёння Саюз беларускіх пісьменнікаў збіраецца накіраваць у Міністэрства культуры афіцыйны ліст з просьбай пераглядзець гэтае рашэнне…
Віктар Казько: Паглядзім, што адкажуць… Не выключаю, што могуць зрабіць “морду клінам” – вось і ўсё.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя