Віктар Корзун: Фільм накіраваны супраць міфаў пра шчаслівае савецкае мінулае



28-га верасня ў Воршы пакажуць дакументальны фільм Віктара Корзуна «Паралелі. Такое рознае падабенства». 

Віктар Корзун, фота Віктара Масаловіча

На фоне ўнікальных кадраў кронікі гучаць кароткія гісторыі жанчынаў-палітвязьняў – удзельніцы Саюза Беларускіх Патрыётаў – Марыі Бялевіч і валанторкі штаба Ўладзімера Някляева ў 2010 годзе – Аляксандры. Абедзве былі актывісткамі, абедзьве былі рэпрэсаваныя. 

Рэжысёр Віктар Корзун гаворыць:

„На сённяшні момант, пасля дзесятка публічных і прыватных паказаў фільма, прыемнай нечаканасцю стала вельмі прыхільная рэакцыя гледачоў, для якіх простае супастаўленне сітуацый і лёсаў двух жанчынаў, паміж якімі паўстагоддзя розніцы, успрымаецца не прымітывам, а якраз лаканізмам”. 

Віктар Корзун распавядае пра папярэдния паказы:

„Аднаго разу пасля паказа прагучаў закід гледача: „Сітуацыя палітычных зняволеных савецкага часу вельмі адрозная ад  сённяшняй”. Давялося падкрэсліваць, што паралелі праводзяць, каб дэманстраваць не толькі падабенства, але і розніцу абставін, рэаліяў і лёсаў. І заўсёды абмеркаванне фільма выходзіць на пытанне актуальнасці асуджэння камуністычнай спадчыны, як неабходнага этапу пераадолення наступстваў савецкага мінулага і руху Беларусі ў цывілізаваны бок. А гэта вельмі патрэбна менавіта цяпер, калі афіцыйныя медыі ствараюць міф пра шчаслівае і бестурботнае савецкае мінулае”. 

28 га верасня пасля паказа фільма адбудзецца сустрэча з аўтарамі – рэжысёрам Віктарам Корзунам і прадусарам Касяй Камоцкай. Напрыканцы – міні-канцэрт Касі Камоцкай.

Уваход вольны. 28-га верасня, пятніца, 18:30, вул. Камсамольская, 16-4.

Беларускае Радыё Рацыя