Віктар Марціновіч: Пісьменнік як прафесія знікае



Сёлета ў журы прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча працаваў празаік Віктар Марціновіч. Гэтымі днямі журы назвала шорт-ліст у намінацыях «Проза», «Паэзія» і «Пераклад» за 2015 год. З гэтай нагоды Алесь Аркуш пагутарыў з Віктарам Марціновічам пра яго ўражанні ад кніг маладых літаратараў.

Віктар Марціновіч: Я быў крыху расчараваны ўзроўнем кніжак, пададзеных у намінацыі «Проза». Хачу сказаць толькі, што ў дадзеным выпадку кажу ад свайго імя, не ад імя журы. Мне вельмі спадабаўся твор Анатоля Івашчанкі, зноўку падкрэсліваю, мне як асобе, як чалавеку, які шмат чытае прозы. А ўсё астатняе мне падалося проста значна-значна горшым за тое, што напісаў Івашчанка. Я быў таксама здзіўлены колькасцю казак, якія былі пададзеныя, якія разглядаліся. Вельмі шмат казак у гэтым годзе. Што тычыцца паэзіі, мяне вельмі ўразіла гісторыя Анхелы Эспіносы Руіс. Я не ведаю, якое будзе прынята канчатковае рашэнне журы, але мне падаецца, што іспанская дзяўчына, якая вывучыла мову і піша даволі моцныя вершы на гэтай мове, гэта цікавы выпадак. Яна перакладае вобразнасць і метафорыку іспанскай мовы наўпрост на беларускія тропы – і гэта ўражвае. А што тычыцца перакладаў, усе, хто праглядаў кароткі спіс у намінацыі „Пераклады”, заўважылі, што там дзве пазіцыі трымае адна і тая ж асоба – Святлана Рогач. Вельмі моцныя тэксты ў гэтым годзе ёю пададзены ў жанры перакладу.

DSC00616

Віктар Марціновіч з паэткай Валерыя Куставай

РР: Мне асабіста падаецца, што ў дарослай беларускай літаратуры апошнім часам больш здабыткаў у прозе, чым у паэзіі. Я нават меркаваў запытацца: што мацнее ў маладых – проза ці паэзія? Але ты на гэтае пытанне ўжо адказаў. Аднак усё адно мне цікава пачуць, што адбываецца сёння з прозай і паэзіяй.

Віктар Марціновіч: У дарослай літаратуры сапраўды, мне падаецца, больш цікавых празаічных тэкстаў, больш цікавых празаікаў. Але “Дэбют” на тое і дэбют – тут людзі спрабуюць пісаць. Мне здаецца, што я ўсё жыццё ўспрымаў паэзію як жанр літаратуры, з якога ўсе пачынаюць. Таму што ў паэзіі трэба процьму сэнсаў падаць праз вельмі сціслую колькасць словаў. І таму гэта вельмі прыдатная форма для навучання. Відавочна, што да 40, да 50 гадоў чалавек атрымлівае пэўны вопыт, з якім паэзія ўжо не спраўляецца. Ёсць, канешне, выдатныя, выключныя дыяменты, такія, як Алесь Разанаў, які можа выказваць глыбінныя думкі ў паэтычнай форме. Аднак, можа быць тут справа яшчэ ў тым, што я ніколі не пісаў вершы, а ўсё жыццё пісаў прозу. І таму мая “планачка” крыху завышаная.

РР: Мяне цікавіць яшчэ такое пытанне: якім чынам зараз выдаюцца маладыя? Не сакарэт, што практычна ўсе беларускамоўныя кнігі, асабліва мастацкія, некамерцыйныя і не прыносяць выдаўцам прыбытку. І таму выдавецтвы не арыентуюцца на тое, каб адшукаць аўтара, які б прынёс нейкія, хаця б сціплыя, “барышы”, ці прынамсі акупіў кнігу. І як зараз, у гэтых умовах, выдавацца маладым?

Віктар Марціновіч: Мы зараз жывем у вельмі цікавы час. Напрыклад, Скарыну выпала жыць у эпоху, калі рукапісная культура замянялася друкаванай культурай. І праз друкі змянілася наогул усё. З’яўленне мастацкай літаратуры як феномена павінна быць удзячным менавіта друкарскаму варштату. Таму што без яго не было б мастацкай літаратуры – усе працягвалі б перапісваць лацінскамоўныя і грэцкамоўныя рэлігійныя тэксты, якія захоўваліся ў бібліятэках пры манастырах. Зараз таксама такі ж пералом. Папяровая кніжка сыходзіць. Яна змяняецца нечым новым. Літаратура, што самае цікавае, як у часы Сервантэса, у часы Шэкспіра, перастае быць тым, чым яна стала ў 19 стагоддзі – прафесіяй. Літаратура адкатваецца на тую пару, калі ёй займаліся дасведчаныя, адукаваныя аматары. Тыя людзі, дзеля якіх яна не была прыбыткам. Пісьменнікаў, якія жывуць з пісьменства, не застанецца. Але пісьменства будзе заставацца вельмі важнай часткай культуры – яе шкілетам фактычна. Мы зараз жывем у час вельмі вялікіх зменаў. Вось такі філасофскі адказ.

РР: І яшчэ адно істотнае пытанне: адкуль бяруцца гэтыя маладыя літаратары? Бо калі мы згадаем, напрыклад, пакаленне пісьменнікаў часоў Барадуліна, то яны пераважна прыходзілі ў літаратуру з філфакаў і журфакаў. А адкуль сёння яны прыходзяць?

Віктар Марціновіч: Філфак працягвае быць кузняй кадраў. Я маю на ўвазе тых людзей, якія штогод выходзяць на літаратурнае поле як маладыя літаратары. Аднак у мяне ёсць асабістае адчуванне, што з кожным годам колькасць філфакаўскіх выпускнікоў у агульнай вазе тых людзей, якія займаюцца літаратурай, скарачаецца. І скарачаецца яна якраз праз тое, што літаратура спыняе быць прафесійным заняткам. І тое ж самае з журфакам. Часам бачыш: чалавек, як зорка, успыхвае, узнікае і – на тваіх вачах згасае. Якраз праз тое, што прафесіяй гэта быць не можа. Гісторыя ў кожнага з пісьменнікаў свая. Хтосьці мае магчымасць не зарабляць літаратурай, а займацца ёй. Мне здаецца, што “Дэбют” – файны прыклад таго, як знайшоўся адзін мецэнат, што зафундаваў гэтую прэмію, якая дае магчымасць маладым аўтарам, лаўрэатам на атрыманыя грошы выдаваць свае новыя кнігі. Мне здаецца, што будучыня тут менавіта ў нейкай звязцы літаратара і бізнесоўца, у суплёце капіталу і літаратуры, кнігі і буйнога бізнесу, які ў нас зараз паўстае. На жаль, у асноўнай масе ён з’яўляецца ў нас кампрадорскім. Аднак, мне здаецца, што так як Шэкспір некалі знайшоў фундатараў, так і беларуская літаратура ў рэшце рэшт знойдзе ўнутры краіны фундатараў, якія здолеюць яе падтрымаць. І Павел Бераговіч, заснавальнік “Дэбюта”, – гэта файны прыклад.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара