Віктар Марціновіч: Шагал мяне супакоіў (абноўлена)
Паўсотні чалавек сабрала сустрэча літаратара Віктара Марціновіча з берасцейцамі. У час мерапрыемства ён прэзентаваў сваю новую кнігу ’’Радзіма. Марк Шагал у Віцебску’’ і адказваў на пытанні жыхароў і гасцей горада пра сваю творчасць. Віктар Марціновіч адзначыў, што постаць Шагала перакрыжоўваецца з постацямі сучасных беларускіх дзячaў:
– Я ўбачыў вельмі-вельмі шмат агульнага ў біяграфіі Шагала і ў біяграфіі Алексіевіч, Міхалка, у сваіх спробах зрабіць нешта на сваёй зямлі, у вельмі марных спробах. У тым, як у беларускіх тэатрах адмаўляюцца ад маіх п’ес, ва ўсім, што адбываецца вакол мяне. І да таго, як я паглыбіўся ў гэтую тэму, я быў моцна расчараваны і здэпрэсаваны тым, што адбываецца.
“Я стаміўся даваць інтэрв’ю, якія не выходзяць, я стаміўся ўдзельнічаць у перадачах, якіх не пускаюць у эфір, я проста стаміўся, і вось Шагал мяне тут супакойвае”, – дадаў Віктар Марціновіч.
* * *
На сустрэчу з беларускім пісьменнікам, журналістам, выкладчыкам Віктарам Марціновічам запрашаюць у Берасці прадстаўнікі агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. Яна адбудзецца сёння, 16 лютага, на офісе арганізацыі. „Пад час імпрэзы творца распавядзе пра сваю новую кнігу “Радзіма. Марк Шагал у Віцебску”, – адзначае адна з галоўных арганізатараў сустрэчы Алена Каховіч.
– У 19.00 адбудзецца сустрэча з вядомым беларускім пісьменнікам Віктарам Марціновічам. Яна пройдзе дзякуючы кампаніі “Будзьма”. Яны ўжо другі раз прывозяць яго ў Берасце. Гэтым разам Віктар будзе распавядаць пра Шагала і прэзентуе сваю кнігу. Гэтая кніга закранае тэму адносін Шагала з Віцебскам, з яго родным горадам. Як гэта адлюставалася ў ягоным жывапісу.
„Кніга – гэта першая спроба рэканструкцыі і асэнсавання адносін Марка Шагала з родным горадам, аўтара цікавіць тое, як горад паўплываў на фарміраванне мастацкай мовы мастака”, – адзначаюць арганізатары сустрэчы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота budzma.org