Віктар Сазонаў – лаўрэат літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес” за 2021 год



Традыцыйна ў траўні арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» вызначае лаўрэата за лепшую беларускамоўную мастацкую кнігу за папярэдні год. Сёлета ў шорт-лісце прэміі было 9 кніг. З іх 3 зборнікі паэзіі, 6 кніг прозы і адна кніга гістарычная. Прадстаўлены кнігі 8 выдавецтваў: «Кнігазбор», «Літара» (Гародня), «Янушкевіч», «Про Хрісто», «Логвінаў», «Галіяфы», «Ніва» (Беласток), «Цымбераў».

Лаўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2021 год прызнаны гарадзенскі празаік Віктар Сазонаў за раман «Генетычны алфавіт», выдадзены праграмнай радай тыднёвіка «Ніва» (Беласток).

Віктар Сазонаў нарадзіўся ў 1963 годзе ў Гальшанах на Гарадзеншчыне. Па адукацыі гісторык, закончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У сваім жыцці працаваў токарам, чыгуначнікам, музейным працаўніком, кантрабандыстам, прадпрымальнікам. Аўтар такіх вядомых кніг як «Занатоўкі кантрабандыста», «Паэзія прозы», «Суседскія былі».

«Гліняны Вялес» – найстарэйшая недзяржаўная літаратурная прэмія Беларусі, была заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літаратараў. Сярод яе лаўрэатаў: Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Алег Мінкін, Віктар Казько, Міхась Скобла, Ганна Севярынец, Міхал Андрасюк, Артур Клінаў і інш.

Шорт-ліст кніг намінаваных да прэміі «Гліняны Вялес- 2021»

Валянціна Аксак «Трэці Эдэм». Менск, «Кнігазбор».
Анатоль Брусевіч «Крылы». Гародня, «Літара».
Дар’я Бялькевіч «Слёзы на вецер». Менск, «Янушкевіч».
Ірына Жарнасек «Нашых дзён крыгаход». Менск. «Про Хрісто».
Сяргей Календа «Дэкалог». Менск, «Логвінаў».
Вольга Гапеева «Самота, што жыла ў пакоі насупраць». Менск, «Галіяфы».
Максім Клімковіч «Шкляная лялька і іншыя страшныя гісторыі». Менск, «Галіяфы».
Сяргей Пляскач «ДМБ-91: зычу вярнуцца дадому». Менск, «Галіяфы».
Віктар Сазонаў «Генетычны алфавіт». Беласток, «Ніва».
Сяргей Тарасаў «Еўфрасіння-Офрасіння-Афрасіння Полацкая. Яе час, яе крыж». Менск,«Цымбераў».

Беларускае Радыё Рацыя