Віктар Шалкевіч даў канцэрт у Глыбокім



Беларускі бард, акцёр, паэт і шоўмэн Віктар Шалкевіч даў канцэрт у Глыбокім, што на Віцебшчыне. Ён адбыўся ў парафіяльным доме і сабраў каля пяці дзясяткаў чалавек. На ім прысутнічалі аматары творчасці музыкі з Глыбокага і Шаркоўшчыны.  У Глыбокім прагучаў зімовы альбом спевака.

Як кажа Віктар Шалкевіч, ужо ў яго ўзросце песні пішуцца павольна, і яны для яго, як дзеці.

– Жанчыны выношваюць дзевяць месяцаў. Я не могу сказаць, што дзевяць. Але проста я ведаю сваю натуру, я сябе не падганяю. Калі атрымалася – значыць атрымалася. Калі не ідзе – то не ідзе. Вось сеў, узяў і напісаў. Яна ж заўсёды з табой ходзіць, яна з табой носіцца дзесьці ў галаве, нешта рыфмуецца.

Імпрэза адбылася дзякуючы Алесю Мазаніку, кіраўніку сайта imbryk.by і менеджару праектаў. А таксама пры падтрымцы мастака Яна Мяльніцкага, які ўвасабляе музычную творчасць спевака ў мастацтва ў выглядзе паштовак ды эскізаў да кружэлак.

– Спадар Віктар сваімі творамі як раз дае мне мажлівасць увасобіць мае здольнасці у гумарыстычным пераданні сэнсу твораў, тым больш што яны датычацца Беларусі, дзе мы жывем. Спадар Віктар – адметная з’ява ў нашым сучасным жыцці. Не толькі, што датычыцца бардаўскай песні, а ўвогуле. Дзякуй спадару Віктару, хай ён больш спявае, а я больш намалюю.

Паводле Яна Мяльніцкага, творчасць Віктара Шалкевіча блізкая да народа, ён перадае яе з гумарам, што адпавядае і яго канцэпцыі ў мастацтве. У яго яшчэ шмат розных задумаў працы ў такім тандэме з вядомым беларускім бардам і паэтам.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя