Віктар Шалкевіч: На нас глядзелі, як на багоў з Алімпа
Трыццаць гадоў таму ў будынку, часоў Антонія Тызэнгаўза, падскарбія Літоўскага, пачаў працу гарадзенскі тэатр лялек. Тэатр, як творчая пляцоўка, якая была міла як дарослым, гэтак і дзецям. Наш журналіст Якуб Сушынскі гутарыць з адмысловым Госцем Рацыі пра найбольш цікавы перыяд жыцця тэатра, які, на яго думку, застаўся ў мінулым.
Віктар Шалкевіч: Я ў тэатр лялек прыйшоў у 90-я гады. Практычна першы тэатр стварыўся, калі Бардыга Мікалай Іванавіч быў яго дырэктарам. Яны цёгаліся па закавулках, а потым ім аддалі былую „Драму” (тэатр Драмы – рэд.), які называлі „драмсарайчык”. Потым прыйшоў Мікалай Мікалаевіч Андрэеў.
Радыё Рацыя: Ці можна лічыць, што пры Мікалаю Андрэеву тэатр набыў больш беларускі густ?
Віктар Шалкевіч: Так. Пачынаўся тэатр у савецкія часы, а потым ужо калі настала незалежнасць прыйшоў Андрэеў. Калі прыехаў у 90-я гады, ён заняўся тым, што актыўна ставіў п’есы беларускіх пісьменнікаў: „Чортаў скарб” Уладзіміра Караткевіча, потым паставіў „Пра Івана ганчара і пачвару цара” Анатоля Грачанікава, потым ён паставіў „Тутэйшыя” Янкі Купалы, „Дзякуй, вялікі дзякуй” Анатоля Вярцінскага. Праўда, нам не шанцавала з аўтарамі. Анатоль Вярцінскі, калі прыехаў і убачыў спектакль, закаціў нам банкет, а Грачанікава нехта забіў як раз перад прэм’ерай.
Андрэеў запрашаў выдатных рэжысёраў, а трыумфам яго, як рэжысёра, было тое, што ён паставіў французскі спектакль „Пришелец” і мы паехалі ў Францыю. Фонд Сораса тады дапамог. Мы практычна ўвесь ле Монж паставілі на вушы, да нас прыязджалі глядзець спектакль нават за 100 км. Яны таксама паставілі свайго „Пришельца”, але на нас глядзелі, як на багоў з Алімпа. Яны не маглі паверыць, што я не размаўляю па-французску! Ну а што, акцёр, як папугай, навучыўся.
Радыё Рацыя: Кожны, напэўна, гарадзенскі маці ці бацька перыяду пачатку 90-х павінны быць удзячны Тэатру лялек, што ён заваліў беларускімі спектаклямі і дзецям было што паглядзець.
Віктар Шалкевіч: Так. І гэта не была кан’юктура, што давайце па-беларуску іграць. Мы ж, дарэчы, па-польску гралі, ездзілі паказвалі ў польскіх школах. І колькі мы паездзілі з „Тутэйшымі” то ў Ломжу, то у Гданьск, то ў Варшаву, карацей „Тутэйшыя” бачылі ўсе. Час сыйшоў, канешне. Зараз я нічога пра тэатр кепскага не магу сказаць, бо з 2016 не працую па вядомых прычынах.
Цалкам слухаць размову:
Беларускае Радыё Рацыя