Віктар Сямашка: Хацелася давесці, што Беларусь у ХХ стагоддзі існавала ў культурніцкіх межах Еўропы
У студыі Радыё Рацыя вельмі цікавы і шматлікім вядомы госць: паэт, музыка, журналіст, аўтар музычна-даследчай праграмы на хвалях нашага радыё «Кракатук» Віктар Сямашка.
РР: Пачнём з самай свежай падзеі, пра якую мы ўчора паведамлялі. На аўстрыйскім радыё пачаўся «тыдзень Беларусі». Ужо сама па сабе падзея крыху незвычайная: чаму аўстрыйскае радыё раптам робіць «тыдзень Беларусі»? А чаму я ў цябе пра гэта пытаю? Бо ты ўдзельнік гэтага тыдня.
— Так атрымалася. Для мяне гэта таксама была незвычайная прапанова. Проста са мной звязаліся рэдактары гэтага радыё. Гэтае радыё па нашых мерках лічыцца дзяржаўным і вось яны практыкуюць такія паездкі ў розныя краіны. Я ведаю, што перад Беларуссю гэта быў Егіпет, і там яны таксама рабілі цэлы тыдзень егіпецкай музыкі, егіпецкай культуры. Вось літаральна ўчора рэдактара, з якім я камунікаваў, даслаў мне праграму гэтага «тыдня» і там не толькі музыка, але і паэзія, і жывапіс. Яны шмат з кім паспелі сустрэцца пакуль прыязджалі ў Менск. Запісалі масу інтэрв’ю, гэты быў своеасаблівы канвеер, у які трапіў і я і наколькі змок распавёў пра музыку. Іх цікавіў менавіта беларускі авангард ХХ стагоддзя.
РР: Але трошкі цяжар адказнасці ёсць? Бо ты прадстаўляеш цэлую краіну.
— Канешне ёсць. Мне не хацелася там падацца правінцыялам. Я не ведаю, як яны мяне ўспрынялі, але хацелася давесці тое, што Беларусь, нягледзячы ні на што, і зараз, і цягам ХХ стагоддзя, усё роўна існавала ў культурніцкіх межах Еўропы. І нават кампазітары 60-х гадоў натхняліся менавіта ідэямі нова-венскай школы. Для рэдактараў, з якімі я камунікаваў, гэта было адкрыццём, бо для іх Беларусь — белая пляма. Яны самі пра гэта кажуць.
РР: А вы размаўлялі праз перакладчыка?
— Так. Маім перакладчыкам быў Сяргей Пукст. А на тыя тэксты, якія я ўжо сам рыхтаваў і дасылаў туды, у Вену, яны ўжо самі знаходзілі перакладчыка і прадублявалі мой голас нямецкай мовай.
Поўную гутарку, а таксама адну з музычных кампазіцый Віктара Сямашкі, слухайце ў далучаных гукавых файлах:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: shafa-minsk.by, lit-bel.org