Віктару Дашуку – 85



16 верасня народнаму артысту Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР, кінарэжысёру, сцэнарысту, аператару, журналісту Віктару Дашуку спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння.

Агульнапрызнаны майстра дакументальнага кіно Віктар Дашук прыйшоў у кінематограф праз журналістыку. Яшчэ ў час вучобы ў БДУ (скончыў у 1960 годзе) Віктар Дашук быў фотакарэспандэнтам у шматтыражцы “Беларускі універсітэт”. Гэта і падштурхнула яго да кіно, менавіта да дакументальнага, дзе спалучаецца журналістыка двух відаў — слоўная і фатаграфічная і дзе ёсць мастацтва. З дапамогай кіраўніка яго дыпломнай работы на факультэце журналістыкі аб кіна-фотарэпартажы Віктар Дашук трапляе на кінастудыю навукова-папулярных і дакументальных фільмаў (у 1960 годзе яна была самастойнай). Рабіў усё, што даручалі: быў памочнікам, адміністратарам, асістэнтам. Кінематаграфічную адукацыю атрымаў на Вышэйшых сцэнарна-рэжысёрскіх курсах у Маскве. Сярод яго настаўнікаў па рэжысуры быў Андрэй Таркоўскі. Пасля дэбютнай стужкі для дзяцей “Лясная казка” з’явіліся напружаныя па думцы, унутрана засяроджаныя фільмы канца 1960-х — “Зямное прыцягненне”, “Дом”, “Двое ў пакоі і ахова”.

Як кінематаграфіст Віктар Дашук выступае ў трох іпастасях: аўтар сцэнарыяў фільмаў, рэжысёр і аператар. Свае фільмы ён стварае на фактах гісторыі, сучаснасці, літаратурнага жыцця. Гераічным подзвігам людзей у вайну і памяці аб ахвярах была прысвечана серыя яго дакументальных фільмаў: “Курган” і “Мінута маўчання” (1969), “Геройству храбрых” і “Даўным-даўно закончаны бой” (1970) і іншыя.

Значнай падзеяй у творчай дзейнасці Віктара Дашука стаў мастацка-публіцыстычны фільм “А зязюля кукавала…” (1979), у якім рэжысёр дасягнуў вобразнасці, уласцівай паэзіі. Але сапраўднае прызнанне да рэжысёра прыйшло пасля цыклаў публіцыстычных фільмаў пад агульнымі назвамі “Хатынскі цыкл” (1975—1978, 5 выпускаў) і “У вайны не жаночы твар” (1980—1984, 7 выпускаў). Цыклы створаны сумесна з пісьменнікамі Алесем Адамовічам, Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам — першы цыкл і з Святланай Алексіевіч — другі. Гэтыя фільмы сталі з’явай не толькі ў беларускай кінадакументалістыцы: таму сведчанне Дзяржаўная прэмія СССР 1985, прыз “Сярэбраны голуб” Міжнароднага фестывалю ў Лейпцыгу за фільм “Я сустрэў Вас…” (з цыкла “У вайны не жаночы твар”). Тры першыя выпускі “Хатынскага цыкла” атрымалі прэмію Ленінскага камсамола Беларусі у 1976 годзе. Пасля смерці ў 1980 годзе Пятра Машэрава Віктар Дашук зрабіў аб ім фільм “Развітанне”. Напачатку васьмідзесятых гадоў рэжысёр выпусціў фільм “Двое на востраве слёз” — гібрыд дакументальнага і ігравога кіно. Фільм гэты выклікаў вялікія страсці і абмеркаванні.

Віктарам Дашуком па ўласных сцэнарыях знята больш за 80 твораў. Выступае ён і з публіцыстычнымі артыкуламі.

Шчыра віншуем Віктара Нічыпаравіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя і сямейнага дабрабыту.

Беларускае Радыё Рацыя