Віктару Казько – 80



23 красавіка свой 80-гадовы юбілей адзначыў вядомы беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа Віктар Казько.

Бібліятэкар Брылёўскай сельскай бібліятэкі Магілёўскага раёна Юлія Яцкова да юбілею падрыхтавала інфармацыйны буклет і аформіла кніжную выставу „Пакуль жыве жаданне жыць”, якую ўпрыгожылі кнігі з аўтографамі Віктара Казько чытачам Брылёўскай бібліятэкі. Наведвальнікі бібліятэкі знаёмяцца з творчасцю юбіляра, а дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікалай Яцкоў распавёў пра свае сустрэчы і сяброўства з Віктарам Апанасавічам, для якога самае галоўнае, каб беларускае слова даходзіла да сэрцаў чытачоў.

 

Шматплынная творчасць пісьменніка яркай старонкай ўпісана ў беларускую літаратуру, за што дзяржавай у 1982 годзе Віктар Казько быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Якуба Коласа, а ад землякоў атрымаў неверагодны падарунак — ягоным прозвішчам (пры жыцці!) назвалі адну з новых вуліц у горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці, дзе 23 красавіка 1940 года ён нарадзіўся.

Віктар Казько з’яўляецца аўтарам вядомых кніг “Суд у Слабадзе”, “Неруш”, “Хроніка дзетдомаўскага сада”, “Бунт незапатрабаванага праху”, “Час збіраць косці” і іншых. Лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца, “Залаты апостраф”, “Гліняны Вялес”. З юбілеем Вас, Віктар Апанасавіч!

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя