Вільня: творчая сустрэча з Рыжковым і Кудасавай
У Вільні ў межах Тыдня беларускай культуры адбылася творчая сустрэча з беларускімі літаратарамі Віталём Рыжковым і Настай Кудасавай.
Чым для яго з’яўляецца Вільня і чаму сюды важна прыязджаць, кажа паэт Віталь Рыжкоў:
-Прыемна прыязджаць у госці. Прыемна прыязджаць госцем. Гэта важна, калі ёсць магчымасць параўнаць сябе маладога, сябе крышку пасталелага, параўнаць свае параўнанні – вершаваныя, маецца на ўвазе. І свае ўражанні ад горада.
Па словах Насты Кудасавай, сустрэча з беларусамі Вільні і гасцямі гораду яе вельмі ўсцешыла:
-Я сёння цэлы дзень гуляла і адчувала тое, што гісторыя дыхае. І таму для мяне гэта асабліва прыемна тут выступіць нарэшце. Вельмі многа прыйшло людзей родных, знаёмых даўно і незнаёмых. Канешне, такія сустрэчы заўсёды вялікае натхненне даюць.
Сустрэча цягнулася амаль дзве гадзіны і можна было паслухаць не толькі вершы па-беларуску, але таксама прагучала некалькі перакладаў твораў Насты Кудасавай і на літоўскую мову. Тыдзень беларускай культуры ў Вільні працягнецца да 10 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя