Віталь Броўка: “Торвальд распаўсюджваецца па свеце”
Год таму віцебскі бізнесовец і арганізатар канцэртаў Віталь Броўка быў вымушаны зачыніць адзіны у горадзе арт-паб “Торвальд”. Установа праіснавала ў Віцебску 7 гадоў, прычым апошнія 5 – у памяшканні ў цэнтры гораду, якое раптам было прызнанае неадпаведным супрацьпажарным патрабаванням. Найверагодней, пільную ўвагу да арт-паба выклікала тое, што “Торвальдзе” гатавалі бясплатныя абеды для медыкаў, якія суткамі працавалі ў часе пандэміі, некалькі год запар тут збіраліся ўдзельнікі курсаў “Мова нанова”, тут праходзілі канцэрты беларускіх выканаўцаў, прэзентаваліся гарадскія праекты, ладзіліся кінапакзы.
Пасля закрыцця ўстановы Віталь Броўка вырашыў пераехаць у Кіеў. Але і там працягваць распачатае ў Віцебску, бо для яго гэта важна, кажа бізнесовец:
-“Торвальд” у Віцебску пакуль на паўзе. А тым часам “Торвальд” распаўсюджваецца па свеце! Я ўпэўнены, што фармат “Торвальда” – гэта якраз цудоўны варыянт для знаёмства з беларускай культурай. Я заўжды думаў пра тое, каб несці беларускую культуру па свеце. Таму Кіеў для мяне – гэта не проста эміграцыя, гэта паслядоўнае развіццё канцэпцыі.
У Кіеў Віталь Броўка пераехаў 3 месяца таму, апошнія два з іх займаўся выключна справамі новага “Торвальда”. Ён кажа, што 17 снежня адбылося “тэхнічнае адкрыццё”, каб за некалькі дзён ліквідаваць усе выяўленыя праблемы. З аўторка, 21-га снежня, паб будзе працаваць у сталым рэжыме, штодня з 15-й гадзіны.У адрозненне ад Віцебску, піва тут будзе прадавацца ўкраінскае, а меню з беларускіх нацыянальных страваў, якія высока ацанілі віцябляне, застанецца практычна ранейшым. І вядома ж, кіеўскі “Торвальд” стане месцам сустрэч беларускага асяродку – месцам для сяброўскіх бясед, канцэртаў і адзначэння нацыянальных святаў.
Беларускае Радыё Рацыя