Віталь Рыжкоў прэзентаваў у Берасці зборнік вершаў
Магілёўскі паэт Віталь Рыжкоў прэзентаваў свой перавыдадзены зборнік вершаў пад назвай “Дзверы, замкнёныя на ключы” у Берасці. На імпрэзу, якая праходзіла на пляцоўцы “Прасторы тэатру Крылы Халопа”, сабралася з два дзясяткі чалавек, пасля заканчэння кожны жадаючы змог набыць асобнік кнігі. Падрабязней кажа сам Віталь:
– Гэта зборнік, які змяшчае 35 аўтарскіх тэкстаў і 15 перакладаў. Ён пісаўся з 2002 па 2010 год, выдадзены ў 2010, а перавыдадзены – ў 2015 годзе ва ўкраінскім выдавецтве “Крок”. І гэтае другое выданне ўжо амаль разышлося.
Віталь Рыжкоў апроч напісання класічных вершаў, піша таксама і словы для песень. Ягоныя тэксты сярод рэпертуару такіх гуртоў як “Глюкі”, “Таварыш Маўзэр”, “Заточка” ды іншых. Віталь, адзін з самых цікавых і шматабяцальных сучасных беларускіх паэтаў, – зазначылі арганізатары мерапрыемства.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце