Віталь Воранаў: Беларуская традыцыйная культура – гэта няспынныя пошукі



Наш чарговы «Госць Рацыі» адмовіўся размаўляць пра палітычную сітуацыю ў Беларусі. Маўляў, не хочацца губляць шанец наведаць Радзіму і паспець у ёй нешта зрабіць. У планах – правядзенне дударскіх фэстаў і даследванне фальклору ў аддаленых кутках краіны.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – музыкам і выдаўцом Віталём Воранавым, які стала пражывае ў Польшчы, пра тое, ці будзе працягвацца дударскі фэст пад Глыбокім у Беларусі, ці знойдуць незалежныя кнігавыдоўцы свае рынкі па-за межамі Беларусі і дзе на Падляшшы можна паслухаць сапраўдную дуду.

РР: Вы ўжо стала жывеце ў Польшчы, ці туды-сюды ездзіце?

– Раней я рознымі перыядамі жыў у Польшчы, Украіне, Чэхіі і Амерыцы, але цяпер ужо асеў на адным месцы пад Познанем, і там жыву з сям’ёю. Мы працягваем займацца беларускім фальклёрам, беларускай культурай, музыкай.

РР: Наколькі гэта атрымліваецца рабіць пад Познанем, бо там напэўна мала беларускай меншасці?

– Так, гэта не Падляшша канешне, там няма жывой беларускай культуры і традыцыі, але мы часта прадстаўляем Беларусь на розных фэстах, у першую чаргу дударскіх. Гэта нішавыя фестывалі, якія прадстаўляюць традыцыю дуды, дударскія традыцыі ўсёй Еўропы, звычайна там прысутнічаюць шатландцы, чэхі, балгары. Перыядычна стараюцца запрашаць нас, каб паслухаць беларускую дуду. 

РР: Канцэрт у Беларусі зараз увогуле мажлівы? Ці ёсць запрашэнні, і ці ёсць увогуле мажлівасць заехаць на тэрыторыю Беларусі?

– Я рабіў і раблю фестываль у Глыбоцкім раёне. Фестываль называецца „Дударскі рэй”. У паразуменні з мясцовым выканкамам у нас ужо адбыліся тры выданні гэтага фестывалю у стандартным фармаце. Потым прыйшоў каронавірус, і другі год мы не можам гэтага ладзіць, таму што ідэя фэсту ў тым, каб запрашаць замежных гасцей у Беларусь, паказваць ім нашую дударскую традыцыю і фальклёр, і таксама вучыцца ад іх. Сёлета ўжо ўсё прайшло, але будзем спадзявацца, што ў наступным годзе ўсё ж такі атрымаецца аднавіць фэст, і працягнуць яго ў тым фармаце, які вельмі спадабаўся жыхарам Глыбоцкага раёна.

З Госцем Рацыі – музыкам і выдаўцом Віталём Воранавым камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя