Віцебшчына на фотаздымках славутага расейскага археолага Леаніда Аляксеева
Рэдкія фотаздымкі выдатных мясцін Віцебскага рэгіёна другой палавіны ХХ стагоддзя прадстаўлены на выстаўцы ў абласным цэнтры, паведамілі ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
Выстаўка „Захапленне даўжынёю ў жыццё” падрыхтавана па матэрыялах архіва вядомага археолага-славіста, буйнейшага знатака археалогіі сярэдневяковай Русі і старажытнасцей Беларусі Леаніда Аляксеева. Адным з яго захапленняў была фатаграфія. У сваіх паездках, разведках, экспедыцыях вучоны не расставаўся з шыракаплёначнай фотакамерай, на якую здымаў археалагічныя помнікі, пейзажы, мясцовых жыхароў.
Для выстаўкі былі адабраны негатывы, дзе адлюстраваны гарады, пасёлкі і мястэчкі Віцебскай вобласці, іх выдатныя мясціны, знятыя ў розныя дзесяцігоддзі другой палавіны ХХ стагоддзя. Многія фатаграфіі прадстаўлены ўпершыню, некаторыя ўжо былі выкарыстаны ў кнізе „По Западной Двине и Днепру в Белоруссии”. Усяго наведвальнікі змогуць убачыць 111 фатаграфій і пяць панарам з краявідамі вулачак, плошчаў, храмаў, рэшткамі паркавых ансамбляў і сядзіб Браслава, Глыбокага, Паставаў, Оршы і іншых населеных пунктаў. Многія са знятых помнікаў не захаваліся, некаторыя моцна змяніліся.
„Асабліва цікавыя фатаграфіі 1950-х гадоў Полацка і 1951 года Віцебска. Упершыню можна ўбачыць панарамы абласнога цэнтра вакол царквы Благавешчання да яе разбурэння і вакол траншэі, дзе была знойдзена берасцяная грамата, краявіды горада ў пачатку 1950-х. Дзякуючы гэтым здымкам у нас ёсць магчымасць зазірнуць у мінулае”, – адзначылі ў музеі.
belta.by