Віцебскай “Залатой рыбцы” вярнулі ключ і грошы. Чакаюць Лукашэнку?
Іван Казак, аўтар скульптуры “Залатая рыбка”, усталяванай на беразе Дзвіны, аднавіў элементы кампазіцыі, скрадзеныя калісьці невядомымі вандаламі. На ранейшыя месцы вярнуліся гаршчок з манетамі і ключ з надпісам “Віцебск”, які рыбка трымала ў роце.Тых, хто “абрабаваў” скульптуру, віцебская міліцыя так і не знайшла.
Ключ бясследна знік яшчэ летась, гаршчок з манетамі – некалькі месяцаў таму. Але за аднаўленне знешняга выгляду скульптуры ўзяліся толькі цяпер. Гараджане мяркуюць, што гэта звязана з візітам Аляксандра Лукашэнкі – ён мусіць прадставіць калегам новага старшыню Віцебскага гарвыканкаму. Віктар Нікалайкін, які раней займаў гэтую пасаду, пасля апошніх выбараў трапіў у дэпутаты Парламенту. Хто будзе прызначаны на ягонае месца, пакуль не вядома. На карысць версіі пра тое, што ў Віцебску чакаюць першую асобу краіны, сведчыць і надзвычайная актыўнасць камунальшчыкаў: у цэнтры гораду спешна робяцца касметычныя рамонты будынкаў, фарбуюцца платы і перакладаецца брукаванка на ходніках.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск