Віцебская Alma Mater мастакоў адзначае 60-годдзе



60-гадовы юбілей святкуюць выпускнікі і выкладчыкі мастацка-графічнага факультэту, заснаванага ў 1959 годзе на базе Віцебскай мастацка-графічнай педагагічнай вучэльні. Яму было наканавана падхапіць традыцыі віцебскай мастацкай школы, каля вытокаў якой стаялі Марк Шагал, Казімір Малевіч ды іншыя сусветна вядомыя творцы. Факультэт існуе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, хаця за гэты час некалькі разоў памяняліся назвы і статус навучальнай установы.

МГФ дзейнічае ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Але першапачатковая з’арыентаванасць факультэта на падрыхтоўку настаўнікаў малявання, чарчэння і працоўнага навучання ніколі не перашкаджала творчай самарэалізацыі студэнтаў. І мастацка-графічны факультэт заявіў пра сябе перш за ўсё як адметная мастацкая школа, падкрэсліў мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі падчас адкрыцця юбілейнай выставы “У гонар роднай Alma Mater”:

-Ролю факультэта трэба ацэньваць не ў кантэксце гораду, а ў кантэксце мастацтва краіны. З 60-х гадоў мінулага стагоддзя гэта такая ручаіна вялікая, са сваёй эксперыментальнай асаблівасцю, якая ідзе неяк асобна ў беларускім жывапісе, у акварэлі, у графіцы.

Шмат хто з выпускнікоў мастацка-графічнага факультэту здабыў славу найвядомейшых беларускіх мастакоў. 106 твораў з фондаў Віцебскага мастацкага музею і склалі адмысловую экспазіцыю пад назовам “У гонар роднай Alma Mater”. Але гэтая выстава – не адзіная юбілейная падзея: 60-годдзю мастацка-графічнага факультэту прысвечаны цэлы праект пад назовам “Нацыянальныя традыцыі ў сучасным мастацтве і мастацкай адукацыі”. Ён уключае ў сябе і выставы, і майстар-класы, і міжнародную навукова практычную канферэнцыю, якая гэтымі днямі праходзіць у Віцебску.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя