«Віцебская школа гравюры»: этапы і здзяйсненні



У Мастацкай галерэі Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка можна пазнаёміцца з гісторыяй віцебскай школы гравюры.

У экспазіцыю выставы ўвайшлі графічныя працы са збору Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, мастацка-графічнага факультета ВДУ імя П.М.Машэрава.

Віцебск у ХХ стагоддзі стаў не толькі адметным цэнтрам развіцця авангарднага мастацтва, месцам фарміравання своеасаблівай Віцебскай мастацкай школы, але і адыграў немалаважную ролю ў развіцці беларускага эстампа. Асабліва прыкметнымі ў мінулым стагоддзі сталі дзве лакальныя з’явы, што знамянуюць два этапы даволі яскравага развіцця віцебскай гравюры, якая прадстаўлена двума роднаснымі графічнымі тэхнікамі – дрэварытам (ксілаграфіяй) і лінарытам (лінагравюрай).

Ксілаграфія прадстаўлена на выставе працамі мастакоў Саламона Юдовіна, Яфіма Мініна, Зіновія Гарбаўца, Аляксандра Ахола-Вало.

У другой частцы экспазіцыі прадстаўлены лінагравюры 1960–1980-х гадоў, якія вылучаюцца эмацыянальнай выразнасцю, вытанчаным лірычным і паэтычным ладам. Маляўнічы штрых, мяккасць абрысаў у спалучэнні з эфектна дынамічна распрацаванымі шырокімі плоскасцямі складаюць характэрныя рысы лінарытаў віцебскай школы. На выставе экспануюцца творы Рыгора Клікушына, Мікалай Гугніна, Вячаслава Шамшура, Ісаака Бароўскага і іншых мастакоў.

Выстава будзе працаваць да 20 жніўня.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы