Віцебскі мастак уратаваў графіці з партрэтам Марка Шагала
Некалькі дзён таму графіці папсавалі: нехта, узяўшы балончык з фарбай, напісаў непрыстойнае слова на партрэце мастака – ураджэнца Віцебску. Работнікі камунальнай службы ўжо збіраліся выправіць сітуацыю па-свойму – зафарбаваць непрыстойшчыну разам з выявай Марка Шагала. Але мастак Юрый Дубоўскі наважыўся ўзяцца за рэстаўрацыю.
Юрый Дубоўскі калісьці пачынаў працаваць у жанры стрыт-арту разам з аўтарамі “шагалаўскага” графіці – мастацкім дуэтам StreetSkills. Зараз Глеб Каштанаў і Ян Кузьмін жывуць у Сочы, яны даведаліся пра акт вандалізму з інтэрнэту і патэлефанавалі віцебскаму сябру з просьбай дапамагчы.
Дзейнічаць трэба было аператыўна, бо работнікі ЖКГ ужо былі гатовы перафарбаваць сцяну трансфарматарнай падстанцыі, знішчыўшы партрэт.
– Каб не гэтае непрыстойнае слова, яны, можа і пачакалі б. Але ж тут побач школа і музычны каледж, таму камунальнікі спяшаліся. Я таксама спяшаўся: узяў фарбы ў бацькі Глеба Каштанава – яны там знаходзіліся на захаванні. Працаваў некалькі гадзін, але справіцца за адзін дзень не атрымалася – скончылася чорная фарба. Я распавёў журналістам, што трэба набыць яшчэ фарбы, каб завяршыць працу. І тут высветлілася, што за гісторыяй з партрэтам Шагала сочыць амаль увесь Віцебск! Людзі пачалі прапаноўваць дапамогу – даць грошы або набыць фарбу, – распавёў мастак.
Балончык фарбы прынесла і супрацоўніца музею Марка Шагала. Сказала, што гэта “ад калектыва”, абуранага бязглуздым вандалізмам. Пакуль Юрый Дубоўскі працаваў, да яго падыходзілі жыхары бліжэйшых дамоў па вуліцы Суворава. Адзін з іх распавёў, што ягоная жонка і сама спрабавала памыць партрэт, але надпіс не змываўся.
– Калі табе не падабаецца жывапіс Шагала, і ты вырашыў прадэманстраваць гэта, напісаўшы брыдоту, то зрабі і стой побач! Май смеласць адказваць за свой учынак. Інакш ты звычайны хуліган! – гаворыць Юрый Дубоўскі.
Выяву на сцяне ён аднавіў паводле арыгінальнага фотаздымка Марка Шагала, якім карысталіся стваральнікі графіці. Бо аднавіць па ўзоры ўжо зробленага малюнка складана: у мастакоў адрозніваецца тэхніка, дый фарбы падабраць дужа праблематычна. Але галоўнае – зроблена: у Віцебску па-ранейшаму існуе турыстычны і мастацкі аб’ект, да якога не сорамна прывесці гасцей, што прыязджаюць на малую радзіму славутага мэтра.
Тым часам віцебская міліцыя, адрэагаваўшы на шматлікія публікацыі ў СМІ, усё-ткі пачала праверку па факце вандалізму і шукае вінаватых.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
Фота аўтаркі