Віцебскі Мастацкі музей прапануе віртуальныя экскурсіі



У сувязі з распаўсюдам каронавірусу музейныя супрацоўнікі вырашылі знаёміць гледачоў з калекцыямі экспанатаў онлайн.

У сацыяльных сетках музейнай установы ўжо размешчана першая экскурсія – па музейным будынку, які мае багатую гісторыю і з’яўляецца помнікам архітэктуры. Яго збудавалі ў 1883-м годзе, і з таго часу тут захаваліся арыгінальныя лесвіцы з чугуннымі парэнчамі, плітка на падлозе і шмат іншых дэталяў інтэр’ера.

Агульная плошча выставачных залаў – больш за 850 м², і ў музеі абяцаюць выкласці ў інтэрнэт  віртуальныя экскурсіі па пастаянных экспазіцыях, якіх тут 7.  Але іх распрацоўка не азначае,  што ў горадзе адменены культурна-масавыя імпрэзы, а  ўстановы культуры зачынены на каранцін. Таму Мастацкі музей па-ранейшаму адкрывае новыя часовыя выставы, і найбліжэйшая з іх запланавана на 25 сакавіка.

У віцебскіх тэатрах ідуць спектаклі, у філармоніі – канцэрты, музейныя ўстановы запрашаюць наведнікаў, а ў той самы час начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкаму Юрый Дзеркач заклікае жыхароў Віцебшчыны пазбягаць публічных месцаў, меней карыстацца грамадскім транспартам, а па магчымасці ўвогуле знаходзіцца дома.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск